«Тэлефон давялося пакінуць на вахце (сімку, батарэйку і флэшку я забраў. Глупства, трэба было зусім без тэлефона ісці), — піша Стэфановіч у сваім фэйсбуку.
— Мужык назваўся «Несцеравам Аляксандрам Аляксандравічам». Лысеючы дзядзька гадоў 33, трэніраваны, але не сухі, кг 90, кажа, што з Мінска, глядзіць у вочы амаль без прыпынку, але не выглядае страшным. Я праз 3 хвіліны выказаў жаданне сысці, устаў і накіраваўся да выхаду, ён устаў і пачаў угаворваць, што «проста пагаворым», нават абяцаў паказаць свае дакументы ў канцы гутаркі. Добра, пагаворым. «Давайце на ты» — «давайце не». Пытаўся пра тое, дзе працуе маці, як я вучуся (ведаў сярэдні бал ва ўніверсітэце і нават балы пры паступленні ў БДУ, ведаў, што вучыўся ў Пецярбургу, нават чытаў мой леташні артыкул пра байкот, спрабаваў вывесці на размову «іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл не валодаюць фактамі і логікай»).
Пытаўся пра інтарэсы — ну, я распавёў пра філасофію Дэвіда Чалмерса, мне не шкада. Выказваць сваё меркаванне на любыя пытанні ён пачынаў з фразы «ну з аднаго боку так», а што з іншага боку — ніколі не казаў.
Пытаўся пра парламенцкую кампанію, ці буду ўдзельнічаць — «можа быць», у якасці назіральніка або кандыдата — «можа быць».
Казаў, трэба, каб маё жыццё і кар'ера прайшлі без эксцэсаў. На маю заўвагу, што я законапаслухмяны чалавек і мне няма чаго баяцца, ён адказаў, што эксцэсы з такімі таксама здараюцца. Ну вы зразумелі.
Ну і кароннае: «Я бачу перад сабой інтэлектуала, і мне было б цікава часам звязвацца з вамі і камунікаваць». Адказаў, што хай дадаецца да мяне ў фэйсбук або прыходзіць на офіс на Веры Харужай, пасядзім, гарбаты пап'ём. «Але ж вы разумееце, што я не магу прыйсці да вас у офіс». Ён абяцаў пастукацца ў сеціве.
У сярэдзіне размовы папрасіў, каб я не пісаў і не згадваў пра гэтую размову. Я адказаў, што ўжо напісаў пра тое, што іду ў ваенкамат. Ён пачаў пытацца «навошта», «які сэнс», і потым недзе 20 хвілін пераконваў, што не трэба гэтага рабіць. Я адказаў, што яго словы прынятыя да ведама, але ўсё роўна напішу.
Свае дакументы ў канцы паказаць адмовіўся, адразу відаць сумленнага чалавека.
І што і навошта?» — пытаецца ў заключэнне Павел Стэфановіч.