Нарэшце свет даведаўся, кім з'яўляецца стваральнік вельмі загадкавай і адной з самых папулярных альтэрнатыў традыцыйным валютам — Bitcoin. Як паведамляюць інфармагенцтвы, аўтарам віртуальнай валюты аказаўся прадпрымальнік з Аўстраліі Крэйг Райт. Сваё прызнанне ён зрабіў у інтэрв'ю ВВС, GQ і Economist.

Крэйг Райт сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ і прадэманстраваў тэхнічныя доказы свайго Bitcoin-аўтарства. Мужчына пакінуў электронны подпіс з выкарыстаннем крыптаграфічных ключоў, якія былі створаныя, калі сістэма Bitcoin толькі-толькі пачынала развівацца.

Доўгі час стваральнікам Bitcoin лічыўся нехта Сатошы Накамота. Спрытныя журналісты ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі імкнуліся яго адшукаць, аднак усе намаганні былі марныя. І толькі сёння свет даведаўся, што, аказваецца, гэтым чалавекам-невідзімкай быў Крэйг Райт. Па словах аўтара, пазней ён адкрые інфармацыю, дзякуючы якой любы ахвотны зможа пераканацца, што Райт і ёсць той самы Накамота.

Аўстраліец прызнаўся, што раскрыць усе карты яго вымусілі падзеі, якія адбыліся да таго, як яго сапраўднае імя стала ўсё часцей згадвацца ў спісах магчымых стваральнікаў крыптавалюты. Няўрымслівыя СМІ не давалі жыцця Райту, а ўлады абшукалі ягоны дом да ніткі пасля таго, як часопісы Wired і Gizmodo апублікавалі расследаванне, у якіх Райта называлі аўтарам Bitcoin.

Каб пакласці гэтаму канец, мужчына вырашыў адкрыцца і паказаць сябе ўсяму свету. Паводле яго слоў, грошы і слава яго не цікавяць, ён проста хоча спакойна займацца сваёй справай і далей. Між тым любімая справа, паводле папярэдніх падлікаў, ужо прынесла Райту за 1 млн Bitcoin, а гэта прыкладна $450 млн.

Bitcoin — гэта праграмны код, які не рэгулюецца ні адной краінай або банкаўскім наглядным органам у свеце і не мае адзінага эмісійнага цэнтра. Пры гэтым эмісія Bitcoin абмежаваная алгарытмічна: тэарэтычна кожны ўладальнік магутнага камп'ютара можа зарабіць Bitcoin шляхам выкарыстання вылічальных магутнасцяў, аднак існуе мяжа агульнай колькасці грошай у абароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0