Таня — мама чацвярых дзяцей. Яна ходзіць у горы, сваімі рукамі будуе дом, з задавальненнем кладзе тратуарную плітку і майструе ложак. Лічыць, што мужчыны і жанчыны розныя ад нараджэння, аднак павінны быць роўнымі па жыцці. А таксама паважае выбар жанчыны быць хатняй гаспадыняй, калі яна сама таго хоча.

— З аднаго боку, з пункту гледжання закона з правамі жанчын у нас усё ў парадку. Жанчыны могуць працаваць, дзе захочуць, іх абіраюць у дэпутаты. Аднак, гэта рэдка адбываецца.

Давайце ўявім сітуацыю: жанчына працуе, мае дзяцей. Калі дзіця захварэла, і яму спатрэбілася шпіталізацыя, у бальніцы тату за рэдкім выключэннем не аформяць даглядаць за дзіцем. Атрымліваецца, што хоць паводле закону ўсе роўныя, такой магчымасці для мужчын проста няма. Наша сям'я з гэтым сутыкалася на практыцы.

Або яшчэ прыклад: бацька, які мае від на жыхарства ў Беларусі, не можа ўзяць водпуск па догляду за дзіцем, грамадзянінам Беларусі — гэта не прадугледжвае наша заканадаўства.

Таксама шматдзетная мама можа ўзяць адпачынак у зручны час згодна з законам, а ў шматдзетнага бацькі такой магчымасці няма. Вось і атрымліваецца, што мама адна летам вязе дзяцей на мора або ў санаторый — тата зноў не змог быць побач. Але тата мог бы гэта зрабіць, таму што ў мамы важны этап у кар'еры, і ёй трэба ўсю сябе цяпер ўкласці ў гэта.

Працягнем. Калі дзіцяці спаўняецца тры гады, ваеннаабавязанага тату могуць забраць у войска. І зноў груз сямейных праблем цалкам кладзецца на жаночыя плечы. Няўжо мужчына больш патрэбна вайсковай часці, чым трохгадоваму дзіцяці? Дзеля чаго яго пакінулі без бацькі на год?

Гэта ўсё здаецца дробязямі, але не дае жанчынам манеўру, а мужчын пакідае ў сямейнай лодцы на другіх ролях.

Таму рэалізацыя правоў жанчын залежыць ад роўнасці з мужчынамі ў працоўным заканадаўстве, ад умоў, пры якіх мужчыны могуць быць паўнавартаснымі бацькамі.

***

Не лепш і са стэрэатыпамі ў дачыненні да мужчын. Хоць звычайна кажуць аб навешванні цэтлікаў на жанчын.

Ты мужык і павінен зарабляць. А калі сышоў у дэкрэтны водпуск, могуць сказаць: «А што ты тут сядзіш і дзецям соплі выціраеш?».

У сям'і ў знаёмых бацька, які знаходзіўся ў водпуску па догляду за маленькім дзіцем, падкрэсліваў, што гэта вымушаны крок: «Такую працу, як у нашай мамы, у наш час не кідаюць».

Калі пара разыходзіцца, дзіця, як правіла, застаецца з маці. І ў гэтым сэнсе добрыя бацькі таксама закладнікі стэрэатыпаў, маўляў, дзіцяці будзе лепш з мамай, тата добра выхаваць не можа. Пакуль гэта паўтараюць самі маці, такое меркаванне культывуецца грамадствам, у агульным прадстаўленні галоўнай задачай жанчын будзе заставацца нараджэнне і выхаванне дзяцей.

***

Я не ведаю, феміністка я ці не.

Адны феміністкі лічаць, што мы нараджаемся з мужчынамі аднолькавымі, і ўсе нашы адрозненні ва ўспрыманні свету і паводзінаў навязаныя грамадствам — і я з імі не згодна.

Іншыя феміністкі кажуць пра роўнасць магчымасцяў — і я іх падтрымліваю. Мы нараджаемся рознымі, і гэта выдатна, але павінны быць роўнымі.

На мой погляд, у Беларусі трэба абараняць правы мужчын — тады жанчынам будзе прасцей рэалізоўваць свае.

Фемінізм — гэта ў тым ліку і права быць хатняй гаспадыняй. Такое адчуванне, што калі кажуць пра правы жанчын, забываюць, што правы — гэта не абавязкі.

Жанчына мае права быць актыўнай ў грамадскім жыцці, але яна не абавязаная гэта рабіць.

Складваецца ўражанне, што жанчыны, якіх задавальняе займацца дзецьмі, ва ўяўленнях часткі грамадства з'яўляюцца людзьмі другога гатунку.

На мой погляд, прысвяціць сваё жыццё дзецям не прасцей, чым наняць няню і займацца кар'ерай. Гэтае рашэнне жанчыны трэба паважаць.

***

Як кіроўца я не сутыкаюся з дыскрымінацыяй. Але калі я пайшла ў горы, гэта выклікала тролінг і падколкі. Мяне гэта не кранае, у адрозненне ад прамых абраз. Да падколак я стаўлюся з гумарам і часта прымаю гэтую мужчынскую гульню пра «бландзінак».

У той жа час, агрэсія і тролінг навакольных не перашкаджаюць мне рабіць тое, што хачу. Таму мне часта кажуць, што ўва мне шмат ад мужчыны. Глупства. Ува мне шмат ад вольнага чалавека.

***

8 сакавіка ў нашай сям'і — самы звычайны дзень: падарункі мне ніхто не дорыць, святочную вячэру не гатуем. У мяне не выклікае негатыву, калі на вуліцы я сустракаю жанчын з кветкамі.

Калі людзі прынялі гэтую гульню, што ў іх у гэты дзень свята — кветкі, шампанскае і цукеркі, — хай ім будзе добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?