Урад Нарвегіі прыняў рашэнне падоўжыць тэрмін дзеяння ўведзеных 26 лістапада мер пагранкантролю на межах каралеўства з іншымі краінамі шэнгенскай зоны на дадатковыя 30 дзён — да 15 сакавіка. Пра гэта заявіў сёння міністр юстыцыі краіны Андэрс Анундсэн.

«Уведзеныя меры даюць добры прэвентыўны эфект, і ў нас ёсць падставы меркаваць, што многія просьбіты прытулку адмовяцца ад спробаў трапіць у Нарвегію праз аднаўленне рэжыму пагранкантролю», — адзначыў Анундсэн, дадаўшы пры гэтым, што праверкі на межах не дастаўляюць значных нязручнасцяў грамадзянам краін — сябраў шэнгенскай зоны.

Паводле яго слоў, «ціск на знешнія межы шэнгена захоўваецца», і многія мігранты па-ранейшаму імкнуцца трапіць у дзяржавы Скандынавіі, каб падаць там прашэнне аб прытулку. «Па гэтай прычыне Нарвегіі па-ранейшаму неабходна кантраляваць свае межы», — падкрэсліў кіраўнік Мінюста.

З канца лістапада дакументы пачалі правяраць у тых, хто адпраўляецца ў Нарвегію на паромах з Даніі, Германіі і Швецыі. Праверкі таксама ажыццяўляюцца на важнейшых пунктах пропуску праз нарвежска-шведскую сухапутную мяжу — у першую чаргу на Свінесундскім мосце. Увядзенне мер пагранкантролю ў аэрапортах і на іншых участках нарвежска-шведскай мяжы пакуль не плануецца, аднак і не выключаецца ўрадам.

Лік прашэнняў аб прадастаўленні прытулку, пададзеных у Нарвегіі ў 2015 годзе, складае без малога 31 тыс., тады як у апошнія некалькі гадоў лік ўцекачоў не перавышаў 10 тыс. чалавек у год. Паводле ацэнак урада, у 2016 годзе гэтая лічба, імаверна, дасягне 33 тыс., аднак можа аказацца і істотна большай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?