Расійскае пасольства ў Лондане накіравала запыт у МЗС Вялікабрытаніі аб мэтах вучэнняў па перакідцы 1,6 тыс. вайскоўцаў у Іарданію.
Пра гэта сёння ў інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today паведаміў пасол Аляксандр Якавенка.
«Мы вывучаем гэтае пытанне. І мы звярнуліся ў «Форын офіс» па тлумачэнні, але пакуль не атрымалі адказу. Але мы сочым за гэтымі вучэннямі ў Іарданіі», — сказаў Якавенка.
7 лютага брытанская газета Daily Telegraph паведаміла, што ўзброеныя сілы Вялікабрытаніі адпрацуюць перакідку бранятанкавых злучэнняў ва Усходнюю Еўропу на выпадак абвастрэння канфрантацыі паміж Расіяй і НАТА.
Паводле інфармацыі газеты, канчатковым пунктам транспартнага маршруту стане Іарданія.
Брытанія абвергла паведамленні пра «падрыхтоўку» да магчымай канфрантацыі з Расіяй. У Лондане адзначалі, што падчас трэніровак у Іарданіі адпрацоўваецца гатоўнасць задзейнічаць войскі ў «любым пункце свету».