Упраўленне па апладненні і эмбрыялогіі чалавека Вялікабрытаніі дазволіла навукоўцам з лонданскага Інстытута Фрэнсіса Крыка генетычна мадыфікаваць чалавечыя эмбрыёны.

AFP

AFP

Асноўная мэта даследавання пад кіраўніцтвам доктара Кэці Ніакан — зразумець, якія гены патрэбныя эмбрыёнам для паспяховага развіцця. Навукоўцы вывучаць першыя сем дзён жыцця яйцаклеткі пасля апладнення — за гэты час яна дзеліцца ад адной клеткі да каля 250. У гэты перыяд клеткі ўжо арганізуюцца для выканання пэўных функцый. А ад генаў залежыць, будзе жыць клетка ці не.

Мяркуецца, што атрыманыя дадзеныя дапамогуць, у прыватнасці, палепшыць працэс развіцця эмбрыёна пры экстракарпаральным апладненні. Гэтая праца таксама дапаможа ў лячэнні бясплоддзя і папярэджанні выкідышаў і розных паталогій у дзяцей.

У даследаванні будуць выкарыстаныя толькі аддадзеныя для гэтых мэтаў эмбрыёны. Навукоўцы не змогуць перасадзіць эмбрыёны, якія ўдзельнічалі ў доследах, жанчынам.

Міжнародны кансорцыум па ствалавых клетках, этыцы і праве Hinxton Group ў верасні мінулага года выпусціў заяву, у якой заклікаў дазволіць генетычную мадыфікацыю эмбрыёнаў чалавека. У Еўропе падобныя практыкі забароненыя.

А ў красавіку мінулага года міжнародная група навукоўцаў заклікала кітайскіх калег спыніць эксперыменты з генетычным змяненнем эмбрыёнаў з-за нечакана вялікай колькасці непажаданых мутацый, якія ўзніклі ў працэсе даследавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?