Беларускае тэлебачанне назвала прозвішча зніклай спартсменкі, якую шукаў Следчы камітэт. Гэта — Юлія Балыкіна, шматразовая чэмпіёнка Беларусі па лёгкай атлетыцы, удзельніца лонданскай алімпіяды.

Раней упраўленне Следчага камітэта Беларусі па Мінску заявіла, што шукае жыхарку Мінска, якая працавала трэнэрам у БФСТ «Дынама» і знікла 28 кастрычніка. СК паведаміў, што заведзена крымінальная справа аб забойстве.

«У следства ёсьць аб’ектыўныя звесткі, які сведчаць пра крымінальны характар знікнення жанчыны. Падчас агляду месца жыхарства і аўтамабіля, які належаў жанчыне, знойдзеныя і забраныя сляды, якія разам з сабранымі матэрыяламі паказваюць на здзяйсненне забойства», — паведамляе СК. З выкладзенага на сайце Следчага камітэту відэа вынікае, што на аўтамабілі следчыя знайшлі адбіткі пальцаў і сляды крыві.

Паводле паведамлення СК, ужо затрыманы падазраваны. Гэта мужчына 1987 года нараджэння, грамадзянін Расіі.

Вядома, што пра знікненне жанчыны паведаміў яе знаёмы 28 кастрычніка. Сведка апавёў, што жанчына на сваім аўтамабілі паехала да свайго дома і больш на сувязь не выходзіла.

***

Юлія Балыкіна нарадзілася ў 1984 годзе ў Манголіі, спортам пачала займацца ў 18 гадоў у Запарожжы (Украіна). У 2008 годзе пераехала ў Беларусь. Выступала на Алімпіядзе 2012 г. У Лондане за каманду Беларусі. У 2013 годзе была дыскваліфікаваная на два гады за ўжываньне допінгу (тэрмін дыскваліфікацыі скончыўся сёлета ў ліпені). У апошні час працавала дзіцячым трэнэрам у БФСТ «Дынама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0