Нацыянальны аэрапорт «Мінск» і абласныя аэрапорты Беларусі змогуць прыняць транзітных пасажыраў пасля таго, як авіярух паміж Украінай і Расіяй спыніцца, паведаміў намеснік міністра транспарту Яўген Рагачоў.

«Нацыянальны аэрапорт «Мінск», і абласныя аэрапорты, і кампанія «Белавія» цалкам гатовыя да прыёму пасажыраў, якія прымуць рашэнне накіроўвацца ва Украіну транзітам праз нашу краіну», — сказаў Рагачоў.

«Працягваюцца перамовы з авіяцыйнымі ўладамі Украіны і Расіі, з авіякампаніямі. Пры неабходнасці «Белаэранавігацыя» і нашы авіяўлады прапрацуюць ўсе неабходныя стыкоўкі, каб пасажырам было камфортна», — дадаў ён.

Прадстаўнікі авіякампаній падкрэслівалі раней, што нарошчванне інтэнсіўнасці руху стрымліваецца зацверджаным бакамі лімітам частаты палётаў.

Афіцыйны прадстаўнік «Белавія» Ігар Чаргінец заявіў пры гэтым, што дамагачча павелічэння частаты палётаў ва Украіну і Расію стане мэтазгодным пры рэальным павелічэнні пасажырапатоку.

Пакуль беларускі авіяперавозчык гатовы замяніць самалёты, якія курсуюць у Кіеў, на больш ёмістыя.

У канцы мінулага тыдня ўрад Украіны вырашыў забараніць лётаць у краіну расійскім авіякампаніям, у першую чаргу «Аэрафлоту» і «Трансаэра». Таксама вырашана забараніць расійскім самалётам здзяйсняць транзітныя пералёты праз паветраную прастору Украіны ў выпадку, калі яны вязуць грузы ваеннага прызначэння.

Праз тры дні міністэрства транспарту Расіі забараніла украінскім авіякампаніям палёты над расейскай тэрыторыяй. Забарона ўступае ў сілу 25 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?