Выбарчая кампанія ў Беларусі амаль непрыкметная, гаворыцца ў прамежкавым дакладзе наглядальнай місіі Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЕ. Дакумент апублікаваны 22 верасня.
Пры гэтым адзначаецца, што некаторыя былыя кандыдаты ў прэзідэнты (імёны не называюцца) «выказалі занепакоенасць працэсам рэгістрацыі кандыдатаў».
У якасці пазітыўнага кроку ў дакладзе адзначаецца вызваленне ў жніўні шасцярых палітзняволеных, у тым ліку былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. «Яшчэ адзін былы кандыдат, які вярнуўся з-за мяжы 8 верасня (Алесь Міхалевіч), застаецца пад следствам у сувязі з яго меркаваным удзелам у пратэстах пасля выбараў 2010 года», — гаворыцца ў справаздачы.
Адзначаецца, што дзяржаўныя СМІ «дамінуюць у медыяпрасторы» Беларусі, але некаторыя незалежныя крыніцы інфармацыі даступныя анлайн.
У дакуменце адзначаецца, што ў 2012 годзе ў выбарчае заканадаўства краіны былі ўнесеныя некаторыя змяненні, якія закранулі галоўным чынам СМІ і фінансаванне кампаніі, але не была ўлічана ніводная з ключавых рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, зробленых па выніках назірання за папярэднімі прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарчымі кампаніямі.
Сярод недахопаў заканадаўства ў дакладзе называюцца невыразныя правілы фарміравання выбарчых камісій і працэсу праверкі подпісаў, адсутнасць мер па забеспячэнні бяспекі пры падліку галасоў, у тым ліку адсутнасць патрабавання аб публікацыі вынікаў галасавання ўчастковымі выбарчымі камісіямі.
У справаздачы адзначаецца, што мясцовыя выканаўчыя органы ўлады вызначылі месцы для правядзення мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі. Не атрымліваючы папярэдне дазволу, кандыдаты могуць праводзіць сустрэчы толькі ў спецыяльна вызначаных месцах, гаворыцца ў дакуменце. «Хоць гэта адпавядае беларускаму заканадаўству, гэта супярэчыць міжнародным прынцыпам аб праве на свабоду сходаў», — падкрэсліваецца ў справаздачы.
У дакуменце адзначаецца, што «непрапарцыянальныя юрыдычныя абмежаванні асноўных свабод» уплываюць на атмасферу выбарчай кампаніі, а правы грамадзян ці грамадскіх арганізацый, якія жадаюць абмяркоўваць пытанні выбарчай кампаніі на публічных сустрэчах, застаюцца абмежаванымі. Свабода слова абмежавана шэрагам крымінальных артыкулаў пра паклёп і абразу, у тым ліку за заклікі да байкоту выбараў.
Гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду слова і свабодны доступ да інфармацыі парушаецца, гаворыцца ў справаздачы.