фота з фэйсбука Ганны Любаковай
«Я паабяцаў жонцы звазіць яе на адпачынак, як толькі сустрэў яе, у дзень вызвалення. Марыне было няпроста, пакуль я сядзеў пяць гадоў, яна нацярпелася. Дый мне пасля пяці гадоў турмы вандроўка пайшла на карысць, — расказаў экс-кандыдат у прэзідэнты «Нашай Ніве». — Мы тыдзень былі на поўначы Грэцыі, ля Салонікаў. Адсыпаліся і загаралі. Адпачылі добра – за гэтым, уласна, і ехалі. Але і там давялося працаваць — ахвяраваў адзін дзень на складанне пытанняў да Лукашэнкі», — расказаў Мікола Статкевіч.
Палітыка ўразіла гара Алімп і манастыр Метэоры, пабудаваны на высачэзных гарах.
«500 даляраў на дваіх пайшло на квіткі «Белавіі». А ў астатнім выдаткоўвалі дзесьці па 20 еўра штодзень», — расказаў Статкевіч.
Палітык кпіць з навязлівай увагі лукашэнкаўскіх СМІ да факта іх з Марынай тыднёвага адпачынку.
Нярэдкія паездкі самога Лукашэнкі ў Сочы ці ў горы, часта з вялікай світай, там наадварот замоўчваюцца.
«Я мяркую, што чалавек раз на 5 гадоў можа дазволіць сабе адпачыць у Грэцыі. Няма з чаго тут рабіць навіну», — падагульніў Статкевіч.