Амерыканскі інтэрнэт-ТВ-сэрвіс Netflix зняў дакументальны фільм «Зіма ў агні: украінская бітва за волю» і прадставіў яго трэйлер. У эфір Netflix фільм выйдзе 9 кастрычніка, прэм’ера ў афлайне пройдзе на Венецыянскім кінафестывалі ў верасні.

Стужка прысвечаная 93 дням процістаяння на галоўнай плошчы ў Кіеве o 2013-2014 гадах. У фільме пакажуць інтэрв’ю з удзельнікамі падзей (у тым ліку 12-гадовым валанцёрам) і архіўныя кадры, абяцаюць «шырокамаштабны» погляд на падзеі.

Рэжысёр фільма — ізраільцянін Яўген Афінееўскі. Па словах прадстаўнікоў Netflix, ён зняў «кінематаграфічны хваласпеў гераізму, духу і рашучасці ўкраінскага народу».

Дакументальны фільм ужо звярнуў на сябе ўвагу заходніх медыя: напрыклад, Mashable піша, што ад трэйлеру мароз па скуры. У сацсетках звярнулі ўвагу і на яскравы постар фільма, які беларусам можа нешта нагадаць.

Гэта першы маштабны дакументальны фільм пра Еўрамайдан, зняты на Захадзе. Але не першы раз, калі Захад адлюстроўвае на відэа тыя падзеі. Напрыклад, яшчэ летам мінулага года брытанскія рокеры Lonely The Brave прысвяцілі Еўрамайдану кліп на песню «Backroads».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?