У Беларусі ствараецца грамадскае аб’яднанне «Матчын рух 328», удзельнікі якога — бацькі, чыіх дзяцей асудзілі да вялікіх тэрмінаў за распаўсюд наркотыкаў.

Гродзенская актывістка Ларыса Жыхар. Яе ўласны сын трапіў за краты у 18 год — яму далі 8 год па ч. 3 арт.328. 

Гродзенская актывістка Ларыса Жыхар. Яе ўласны сын трапіў за краты у 18 год — яму далі 8 год па ч. 3 арт.328

«Шматлікія дзеці сядзяць па разнарадцы, дзеля выканання плана затрыманняў. Сапраўдныя ж наркабароны, якія вароцяць мільярдамі, дагэтуль на волі. Гэта несправядліва, на нашу думку», — рассказала «Нашай Ніве» гродзенская актывістка Ларыса Жыхар.

«Рух задуманы як агульнабеларускі, але афіцыйна мы пакуль створым гарадское грамадскае аб’яднанне ў Гродне, —працягнула жанчына, — Далей будзе відаць, бо нашы аднадумцы жывуць ва ўсіх гарадах краіны. Рэгістрацыя патрэбна для таго, каб нас больш не штурхала міліцыя і пракуратура, маўляў, мы ніхто. А так на нас звярнуць увагу і ўладам давядзецца прызнаць, што такая праблема існуе. Наша праграма максімум — гэта перагляд спраў асуджаных дзяцей і ціск на органы з мэтай пошуку сапраўных лялькаводаў наркатрафіку ў Беларусі. Мы ўжо збіраем подпісы пад адпаведнымі зваротамі па ўсёй краіне. Неўзабавае гэтыя звароты мы накіруем да дэпутатаў усіх узроўняў, у генпракуратуру і да Аляксандра Лукашэнкі».

Па словах актывісткі, калі звароты не дадуць плёну, то «Матчын рух 328» пойдзе ў апошнія інстанцыі: ААН і суд у Страсбургу.

«Мы будзем пісаць прэзідэнту ў надзеі, што ён усвядоміць — вельмі жорстка казаць на ўсю краіну, што падлеткі павінны сядзець і прасіць смерці [гаворка пра Дэкрэт №6]. Між тым, многія з іх упершыню патрапілі за краты, а некаторыя нават упершыню трымалі ў руках наркотыкі. А іх садзяць на 15 гадоў! Некаторых дзяцей проста выкарысталі», — сказала таксама Ларыса.

Пры канцы мінулага года Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне двух супрацоўнікаў КДБ і аднаго міліцыянта. Гэтая група працяглы час займалася пастаўкамі спайсаў з Расіі ў Беларусь і зарабіла на гэтым блізу 32 мільярдаў рублёў.

Новае заканадаўства ўзмацніла пакаранні за распаўсюд наркотыкаў. Яго прыняцце дыктавалася неабходнасцю спыніць распаўсюд спайсаў, якія літаральна касілі моладзь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?