Танк Корпуса марской пяхоты ЗША падчас вучэнняў.

Танк Корпуса марской пяхоты ЗША падчас вучэнняў.

Міністэрства абароны ЗША правяло гэтым летам некалькі сакрэтных вучэнняў, мэтай якіх была ацэнка здольнасці Амерыкі весці вялікую вайну ў выпадку адкрытага канфлікта з Расіяй, піша thedailybeast.com.

Многія амерыканскія вайскоўцы лічаць, што пасля 15-гадовай канцэнтрацыі Пентагона на вайне супраць тэрарыстаў і паўстанцаў ягоныя наземныя войскі дрэнна падрыхтаваныя для маштабных ваенных дзеянняў у тым выпадку, калі Масква нападзе на аднаго з сябраў НАТА.

Праблемы паўстаюць і ў сферы лагістыкі, якая будзе патрабаваць масавага і далёкага перакідвання войскаў, гэтак і ў недастатковых запасах кіраваных боепрыпасаў.

«Ці можам мы сёння пабіць расейцаў? Так, але гэта будзе патрабаваць усіх нашых сіл. Мы не настолькі гатовыя, як мы хочам быць», — сказаў адзін з прадстаўнікоў Мінабароны ЗША.

«Войны [у Іраку і ў Афганістане] знізілі нашу здольнасць доўгі час весці баявыя дзеянні», — сказаў іншы чыноўнік, спасылаючыся на вынікі сакрэтных выпрабаванняў, якія праводзіліся Пентагонам пры ўдзеле некалькіх іншых федэральных органаў.

«Супраць такога ворага як Расія, нельга спадзявацца на тую татальную перавагу ў паветры, якую мы мелі ў канфліктах пасля 11 верасня [2001 года]. Любы канфлікт вялікага маштабу з такім праціўнікам будзе патрабаваць нашых людзей і рэсурсаў з іншых частак свету, дзе цяпер яны дзейнічаюць так актыўна, што ў іх няма часу на падрыхтоўку да вайны іншага тыпу», — дадаў ён.

Аналітыкі блізкія да адміністрацыі прэзідэнта Барака Абамы і Дэмакратычнай партыі лічаць, што Пентагон такім чынам проста спрабуе атрымаць большы бюджэт.

«Раней такім жа чынам флот казаў пра пагрозу з боку Кітая», — кажа супрацоўнік вашынгтонскага Center for American Progress Лоўрэнс Корб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?