Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«НН»: На прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў незалежных СМІ Лукашэнка пахваліў старшыню ТБМ Алега Трусава і кандыдатку ад «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч. Ці невыпадкова Лукашэнка звярнуў увагу менавіта на патрыятычна арыентаваных палітыкаў?

Валерый Булгакаў: Лукашэнка хваліць слабых палітыкаў, якія не маюць палітычнай будучыні. І Трусаў, і Караткевіч належаць да тых апанентаў улады, якія ёй выгадныя. Караткевіч можна ўспрымаць як тэхнічнага кандыдата, які ўдзельнічае ў выбарах не для таго, каб перамагаць, а для таго, каб яе каманда апрабавала новыя формы камунікацыі з выбарцамі, якія іншыя апазіцыйныя сілы яшчэ не ўзялі на ўзбраенне. У больш шырокім кантэксце яе кампанію варта ўспрымаць як свайго роду прыз Лукашэнку ад заходняй супольнасці за яго пазіцыю ва ўкраінскім пытанні, у прыватнасці, за яго гатоўнасць спрыяць перамоўнаму працэсу. Што тычыцца Алега Трусава, то ён даўно ў рэальнай палітыцы не ўдзельнічае. Характэрна, што сёлета не ён, а яго паплечніца па ТБМ Алена Анісім нясмела і, як выявілася, безвынікова заяўляла пра свой намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Словы Лукашэнкі, з аднаго боку, будзяць спадзяванне на новы курс, з другога — грунтуюцца на цынічных палітычных разліках.

«НН»: А ці не могуць згаданыя структуры і палітыкі заняць нішу сістэмнай апазіцыі, пра якую так доўга кажуць?

ВБ: У ТБМ такой місіі ніколі не было. ТБМ рабіла стаўку на камунікацыю з уладай, каб дасягаць мікрапоспехаў у беларусізацыі краіны. Мне цяжка ўявіць, каб гэтае грамадскае аб’яднанне перайшло ў стан сістэмнай апазіцыі.

Што датычыць «Гавары праўду», то я не бачу за гэтай ініцыятывай сацыяльнай базы. Гэта каньюнктурны праект, які стаў магчымым, з аднаго боку, дзякуючы «змене вехаў» сярод заходніх стратэгаў, якія зразумелі, што пакуль не здольныя зрынуць рэжым Лукашэнкі, і перайшлі ад канфрантацыі з ім да навязвання кантактаў з ім, у тым ліку кулуарных і нефармальных. З другога боку, «Гавары праўду» — яскравы сімптом адсутнасці ў Беларусі палітыкі як такой. Ва ўмовах кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму палітычныя партыі не маюць шанцаў у барацьбе за ўладу, як і наогул на вызначэнне палітычнага парадку дня і прыняцце стратэгічных рашэнняў для развіцця дзяржавы. Наўпрост ступень эфектыўнасці іх дзейнасці немагчыма ацаніць — таму выкарыстоўваюцца іншыя, ускосныя крытэры, каб вызначыць іх уплыў на грамадства, напрыклад, прысутнасць у медыях ці колькасць лайкаў на старонцы ў фэйсбуку. У гэтым майстэрстве «Гавары праўду» пакуль няма роўных сярод апазіцыйных сілаў. У такой «новай» сітуацыі не вельмі важыць адданасць маральным прынцыпам, ідэалагічным дактрынам або нават факт, што той ці іншы палітык сядзеў у турме за свае палітычныя перакананні.

Гэта ўвогуле шырокая праблема. Поспех «Гавары праўду» адбываецца на фоне дэвальвацыі палітычных партый: як я казаў, фармальны статус цяпер мала што значыць, а ранейшыя апазіцыйныя іерархіі перагледжаны і скасаваны.

У ідэалагічным сэнсе за кампаніяй «Гавары праўду» крыецца пустата. Больш за тое, адзін з лідараў «ГП» Андрэй Дзмітрыеў дыскрэдытаваў сябе пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў і не мае маральных падставаў ўдзельнічаць у беларускай палітыцы.

Такая ацэнка Лукашэнкі, нешта падобнае гаварыла і Ярмошына, сведчыць аб тым, што ўлады не баяцца «ГП». Мне часам здаецца, што Караткевіч ідзе на выбары не дзеля таго, каб зрынуць Лукашэнку, а каб памагчы яму, у тым ліку дасягнуць большай знешняй і ўнутранай легітымнасці ў параўнанні з выбарамі 2010 года.

«НН»: З іншага боку, дзяржаўная прапаганда крытыкуе Анатоля Лябедзьку.

ВБ: Добрых словаў не дастаецца і Міколу Статкевічу, на яго выварочваюцца ўсё новыя порцыі бруду. Паказальна, што, нягледзячы на спекуляцыі аб вызваленні, яго па-­ранейшаму не выпускаюць.

Калі іміджава «Гавары праўду» эвалюцыянуе ў кірунку «канструктыўнай апазіцыі», то на гэтым фоне АГП і яе лідар Анатоль Лябедзька выглядаюць больш радыкальна. Пасля выбараў 2010 Лябедзька не зламаўся, у адрозненне ад Андрэя Дзмітрыева, а яго АГП выявілася здольная да кадравага ачышчэння, выключыўшы з партыі Яраслава Раманчука. Я схільны звязваць кампанію ачарнення Лябедзькі не з тым, што АГП — самая эфектыўная структура апазіцыі, а з тым, што этас, маральныя якасці Анатоля Лябедзькі выклікаюць злобу і нянавісць тых, хто кіруе цяпер краінай.

«НН»: Ці можна казаць, што Гайдукевіч, Цярэшчанка і Улаховіч — гэта адна і тая ж з’ява на гэтых выбарах? Якую ролю яны выконваюць?

ВБ: Мы не ведаем усяго закуліснага боку выбараў. Тое, што Сяргей Гайдукевіч — вечны кандыдат, які не крытыкуе Лукашэнку, прымушае яго ўспрымаць прынамсі як талераванага ўладамі палітыка. Ён набірае некалькі працэнтаў, адцягвае частку выбарцаў ад сапраўды дэмакратычных кандыдатаў. На гэтым палягае яго функцыя.

Віктар Цярэшчанка паходзіць з нетраў лукашэнкаўскай сістэмы, ён працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Ягоная палітычная місія да канца незразумелая. Незразумела, хто за ім стаіць. Калі ў ЛДПБ сапраўды ёсць нейкія члены, то за Цярэшчанкам нібыта нікога і няма.

Улаховіча можна смела залічваць у спіс палітычных фрыкаў, якія ўносяць элемент карнавальнасці ў кампанію. Аналітыкі слушна заўважылі, што ягоная база зборшчыкаў подпісаў нагадвае лукашэнкаўскую. Можна казаць, што ён самы прарасійскі, самы антызаходні кандыдат, які бярэ ўдзел у кампаніі.

Іх існаванне не ідзе ўразрэз з генеральнай лініяй партыі. Мэты могуць стаяць розныя: ад дэзарыентацыі да прафанацыі.

«НН»: Ці не нагадваюць Вам сёлетнія выбары сярэднеазіяцкія, як у Казахстане ці Таджыкістане, дзе кандыдатаў таксама шмат, але ніхто з іх не крытыкуе дзейнага прэзідэнта?

ВБ: У Казахстане некаторыя кандыдаты спрабавалі выглядаць псіхічна неўраўнаважанымі.

У Казахстане ніхто не рэгіструе рэальна апазіцыйных кандыдатаў. Беларуская адметнасць у тым, што, сабраўшы 100 тысяч подпісаў, альтэрнатыўны кандыдат можа атрымаць статус кандыдата.

Але калі такіх людзей набіраецца 5—10, то дэмакратычна настроенаму выбарцу вельмі цяжка вызначыць, хто стаіць у сапраўднай апазіцыі, а хто толькі перацягвае галасы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?