Ініцыятыўная група жыхароў 10 жніўня перадала ў адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска калектыўны зварот з заўвагамі і прапановамі наконт вынесенага на грамадскае абмеркаванне праекта рэвіталізацыі тэрыторыі былога капішча з рэканструкцыяй рэстарана «Старое русло». Аб гэтым паведаміў БелаПАН член аргкамітэта па стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Віктар Янчурэвіч

Як паведамлялася раней, мінчане выступаюць супраць забудовы тэрыторыі былога капішча каля парку 40-годдзя Кастрычніка. У складзе комплексу прадугледжаны тэматычны рэстаран, булачная-кандытарская прэміум-класа, кафэ розных кірункаў, у тым ліку дзіцячае кафэ, дэгустацыйная зала, банкетна-выставачныя залы і адміністрацыйны корпус. У Мінгарвыканкаме лічаць, што такая архітэктурная канцэпцыя аб'екта адпавядае мэце і скіравана на рэалізацыю ўказа прэзідэнта № 332 ад 30.06.2014, прынятага ў мэтах забеспячэння рэвіталізацыі (аднаўлення, ажыўлення, узнаўлення) тэрыторыі былога капішча (Х—ХХ стст.) з рэканструкцыяй рэстарана «Старое русло» ў рэстаранны комплекс у межах квартала вуліца Ульянаўская — вуліца Леніна — рака Свіслач. 

Грамадскае абмеркаванне праекта праводзілася з 27 ліпеня па 10 жніўня. «На жаль, абмеркаванне праводзіцца ў форме, якая выключае ўдзел прадстаўнікоў грамадскасці ў працы камісіі. Рашэнне будзе прымаць архітэктурны савет пры камітэце архітэктуры Мінгарвыканкама», — адзначыў Янчурэвіч. 

Пад зваротам, які ўчора перадалі ў адміністрацыю, паспела падпісацца 166 чалавек. Падтрымаць калегаў прыйшлі прадстаўнікі ініцыятыўных груп з вуліц Вільямса і Кірава. 

«Жыхары горада выказалі прынцыповую нязгоду з прапанаваным варыянтам рэвіталізацыі, гэта значыць вяртання да жыцця, тэрыторыі капішча як гісторыка-культурнай каштоўнасці, прызнанай Міністэрствам культуры, аб'екта матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, бо праект не адпавядае гістарычнаму духу і статусу тэрыторыі.

Плануецца будаўніцтва маштабнага адміністрацыйнага і рэстараннага комплексаў, а для капішча прадугледжана ўсяго толькі інфармацыйная таблічка», — растлумачыў Янчурэвіч. 

Як адзначае каардынатар ініцыятыўнай групы Людміла Гайкоўская, «з негатыўным стаўленнем да праекта выступіла экспертная супольнасць». Свае заўвагі арганізатару грамадскага абмеркавання накіравалі лаўрэат дзяржаўнай прэміі ў галіне архітэктуры Барыс Юрцін, філолаг Рэгіна Гамзовіч, старшыня рэспубліканскага маладзёжнага аб'яднання «Студэнцкая этнаграфічная супольнасць» Аляксей Глушко, архітэктар Андрэй Шулаеў, археолаг, кандыдат гістарычных навук Людміла Дучыц і іншыя. «Спадзяемся, што меркаванне жыхароў горада і экспертаў будзе пачута і праект будзе адпраўлены на дапрацоўку», — адзначыла актывістка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0