Барысаўскі БАТЭ правёў матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. На «Барысаў-Арэну» прыехаў вугорскі «Відэатон». Гульня тыднёвай даўніны прынесла нічыю – 1:1. Абедзве каманды забівалі свае мячы пасля кутавых падач.
Зрэшты, нягледзячы на нічыю, БАТЭ ўсё адно лічыўся безумоўным фаварытам супрацьстаяння. Букмекеры не верылі ў поспех гасцей.
Вельмі бойка прайшоў гандаль квіткамі на матч. Яшчэ за некалькі дзён да сустрэчы білетаў у продажы ўжо не было. Але да аншлагу ўсё ж не дацягнулі. На трыбунах прысутнічала 12400 гледачоў. Найперш трэба адняць цэлы сектар, які быў выдзелены фанатам «Відэатон» (іх было чалавек дваццаць), а таксама, магчыма, не дайшлі ўсе ўладальнікі абанементаў.
У цэлым падалося, што «Відэатон» — каманда ўзроўнем слабейшым за папярэдняга суперніка БАТЭ — ірландскі «Дандалк». Практычна ўсю гульню венгры правялі ў абароне. Нават і не ўзгадаеш ад іх момантаў, якія прынята называць стопрацэнтнымі.
БАТЭ ж правёў калі не найлепшы матч у сезоне, то ў Лізе чэмпіёнаў, дык дакладна. Яшчэ ў першым тайме Міхаіл Гардзяйчук і Аляксандр Карніцкі павінны былі здымаць усе пытанні аб пераможцы пары, але зацягнулі да апошняга – аж да 81-ай хвіліны.
Вельмі адметна, што гол БАТЭ забіў з галявой перадачы Максіма Жаўнерчыка. Менавіта правы абаронца «жоўта-сініх» быў найлепшым гульцом матча. Ён своечасова і надзейна гуляў у абароне, а яшчэ паспяваў у атаку (аднойчы трапіў у штангу). Дык вось Жаўнерчык навесіў, а чарнагорац Неманья Нікаліч забіў свой першы гол за БАТЭ — 1:0.
Нікаліч забівае гол.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на той час «Відэатон» гуляў у меншасці. У пачатку другога тайма чырвоную картку атрымаў абаронца гасцей Лейкс. Пасля гэта ў атацы БАТЭ стала больш прасторы, а адпаведна і больш галявых момантаў.
Насамрэч, лік 1:0 зусім не адлюстроўвае ўзровень каманд. БАТЭ перамог па справе.
Дзякуючы гэтаму поспеху БАТЭ чарговы раз забяспечыў сабе еўракубкавую восень. Нават у выпадку няўдачы ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў каманда трапіць у групавы этап Лігі Еўропы.
Наступны супернік барысаўцаў стане вядомы ў пятніцу.