Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 17 ліпеня зарэгістраваў ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі у прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама Сяргея Калякіна — старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», паведамляе БелаПАН.

Як заявіў на пасяджэнні прадстаўнік сакратарыята ЦВК, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі былі пададзеныя 14 ліпеня, у іх адлюстраваныя ўсе прадугледжаныя заканадаўствам звесткі пра прэтэндэнта і членаў яго ініцыятыўных груп. На думку ЦВК, падставы для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адсутнічаюць. За рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі прагаласавалі ўсе 12 членаў ЦВК.

Рашэнне аб рэгістрацыі групы Калякіна было таксама прынята аднагалосна. Як адзначалася на пасяджэнні, перашкод для ўдзелу Калякіна ў прэзідэнцкіх выбарах не выяўлена. Камісія знайшла толькі адзін недахоп: у спіс членаў ініцыятыўнай групы была ўключаная асоба без грамадзянства — гэтага чалавека з групы выключылі.

Пазней была адзінагалосна зарэгістраваная група Сяргея Гайдукевіча — старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП). 

Са складу ініцыятыўнай групы колькасцю 2.484 чалавекі былі выключаны трое: два ўдзельнікі групы не дасягнулі паўналетняга ўзросту (18 гадоў), яшчэ адзін з'яўляецца грамадзянінам Расіі.

Як заявіла журналістам пасля паседжання ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, яна пакуль бачыць падставы для рэгістрацыі толькі пяці ініцыятыўных груп, тры з якіх ужо зарэгістраваныя сёння. Удакладніць, чые яшчэ ініцыятыўныя групы пройдуць рэгістрацыю, Ярмошына адмовілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0