Журналіст «Белсату» атрымаў афіцыйны адказ з ДАІ Берасцейшчыны адносна мотапрабегу «Начных ваўкоў». Праваахоўнікі зазначаюць, што прапуцінскія байкеры парушалі ПДР, «магчыма, дзеля правакацыі».

Журналіст belsat.eu звярнуўся да Міністэрства ўнутраных справаў з просьбаю патлумачыць, чаму падчас мотапрабегу ў Берасці «Начныя ваўкі» былі без моташлемаў, а працаўнікі ДАІ на гэтае парушэнне не рэагавалі.

«У красавіку 2015 года ў г. Берасце група матацыклістаў у непасрэднай прысутнасці экіпажу ДПС (бартавы нумар машыны 1217) здзяйсняла праезд па вуліцы без шлемаў. Гэты факт пацвярджаецца відэазапісам, змешчаным у сетцы інтэрнэт», – гаворыцца ў звароце Змітра Ягорава да МУС. У электронным лісце таксама былі спасылкі на відэа і фота, што пацвярджаюць факт парушэння.

«Наш тэлеканал не мае магчымасці легальна працаваць у Беларусі, таму я вырашыў звярнуцца ў ДАІ як шараговы грамадзянін. Падобныя пытанні ўжо здавалі МУС на акаўнце ў Facebook, але канкрэтнага адказу не было, – гаворыць Зміцер Ягораў. – Мяне, як кіроўцу, абурыла, што проста пад носам у ДАІ «Начныя ваўкі» парушаюць ПДР. Перад законам усе роўныя, а банда Залдастанава – раўнейшая?»

Запыт у МУС, фрагмент.

Запыт у МУС, фрагмент.

У адказе на зварот ДАІ прызнае, што парушэнне мела месца. Аднак запэўнівае, што працаўнікі дзяржаўтаінспекцыі перад пачаткам руху калоны спраўдзілі, «што ўсе ўдзельнікі дарожнага руху знаходзяцца ў моташлемах».

«Рух ажыццяўлялася па г. Берасце ў кірунку амбасады Расейскай Федэрацыі, размешчанай па вул. Пушкінскай. Супрацоўнікі ДАІ спыніліся за ўездам у амбасаду, і ў той момант, калі выйшлі з аўтамабіля, частка матацыклістаў ужо заехала на тэрыторыю амбасады. Пры такіх абставінах яны не маглі бачыць, хто менавіта з матацыклістаў кіраваў транспартным сродкам без моташлема.

Магчыма, для правакацыі, а таксама прыцягнення да сябе ўвагі работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, некалькі матацыклістаў падчас руху знялі моташлемы», – гаворыцца ў адказе на зварот.

Дакумент падпісаў в.а. намесніка начальніка ДАІ В.Ф. Мельнікаў.

Паводле міліцыянта, пакараць байкераў «не ўяўляецца магчымым, так як асобы правапарушальнікаў не ўстаноўлены». А працаўнікам Дзяржаўтаінспекцыі «ўказана на неабходнасць больш дбайнага правядзення інструктажаў з кіроўцамі перад пачаткам руху ў арганізаванай калоне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?