У выніку сумесных дзеянняў Салігорскага раённага аддзела Следчага камітэта і супрацоўнікаў аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Салігорскага РАУС спынена дзейнасць двух інтэрнэт-магазінаў па продажы спайсаў на тэрыторыі рэгіёну.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланогая, падчас праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў затрыманы асобы, якія займаюцца распаўсюдам наркотыкаў і псіхатропаў праз інтэрнэт. Дзейнасць інтэрнэт-крам ажыццяўлялася 19-гадовым і 25-гадовым жыхарамі Салігорска з персанальных мабільных прылад. Рэалізацыя забароненых рэчываў адбывалася шляхам закладак. Грошы, што пералічваліся на электронныя кашалькі пакупнікамі, наркагандляры пераводзілі ў наяўныя. Іх штомесячны даход складаў больш за 20 млн. рублёў.

У момант затрымання ў падазраваных канфіскавана амаль паўкілаграма рэчывы расліннага паходжання, якое ў сваім складзе ўтрымлівае асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва MBA(N)-CHM. Гэта ўжо прызначаныя для продажу 30 пакуначкаў з псіхатропамі і яшчэ не расфасаванае азначанае рэчыва.

Падчас праведзеных ператрусаў па месцы жыхарства фігурантаў былі ўзятыя кампутарная тэхніка, мабільныя тэлефоны, банкаўскія карткі і іншыя рэчавыя доказы, якія пацвярджаюць іх дачыненне да нарказлачынстваў. Акрамя таго, канфіскаваныя грашовыя сродкі ў памеры каля 25 млн. рублёў, здабытых злачынным шляхам.

Цяпер затрыманым выстаўленае абвінавачванне. Супрацьпраўныя дзеянні кожнага кваліфікаваныя следствам як збыт асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. У дачыненні да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?