Калі ты сядзіш у зале і да цябе з трыбуны звяртаецца прэзідэнт, у плане дрэс-коду асабліва не разгуляешся, але ж нават у такіх умовах можна праявіць свой уласны стыль і выглядаць прыстойна. Таму мы сабралі некалькі простых парадаў, як вылучыцца на фоне сумнай масы дэпутацкай большасці.

1

Падбірайце арыгінальныя аксэсуары

Калі з колерам касцюма ўсё даволі строга, то можна вылучыцца адценнем (але не малюнкам — ніякіх коцікаў) гальштука або добрымі гадзіннікамі.

2

Зрабіце ўжо нарэшце сабе сучасную прычоску

Добрая прычоска, ну ці хаця б правільныя вусы кажуць пра мужчыну значна больш, чым думаюць дэпутаты. Так што пакуль прабор і акуратна падстрыжаныя скроні не трапілі пад санкцыі, прапануем тэрмінова адправіцца ў добры салон.

3

Знайдзіце прыдатны абутак

Чорныя касцюмы — для ахоўнікаў і пахавання. Бярыце сінія: да іх і абутак падабраць лягчэй. Напрыклад, карычневыя дэрбі будуць глядзецца цалкам дарэчы. Пачытайце наш артыкул.

4

Знайдзіце стыльную аправу для акуляраў

Прастакутныя тонкія аправы пакіньце модным праграмістам, а вам трэба звяртацца да класікі.

5

Эксперыментуйце з кроем і фасонам касцюма

Калі ў беспамерных касцюмах сядзіць 99% урада, гэта яшчэ не значыць, што так рабіць правільна. Схадзіце да краўца – пінжак па таліі і злёгку завужаныя штаны ў любым выпадку лепш (да таго ж яны візуальна зробяць вас зграбнейшым). Для большай пераканаўчасці вазьміце касцюм-тройку або двухбортны пінжак замест аднабортнага.

Разбяром кожную дэталь касцюму.

Пінжак

1. Не варта выбіраць занадта вялікі ці занадта вузкі памер пінжака. Пінжак павінен «сядзець» у плячах, нібыта вы ў ім нарадзіліся. Нават пры выцягнутых руках, на спіне не павінны з'яўляцца заломы або зморшчыны. Шырокія плечы ніяк не зробяць вас больш мужным, як бы вам не хацелася.

2. Паміж рукавом і таліяй пінжака, калі вы яго надзелі, зашпілілі і апусцілі рукі, павінен заставацца невялікі прасвет. Калі яго няма, гэты пінжак вам занадта вялікі.

3. Лацкан пінжака павінен быць без адзінай складкі, калі вы апускаеце рукі і зашпільваеце ўсе гузікі.

4. Што тычыцца даўжыні пінжака. Класічнай даўжынёй мужчынскага пінжака для людзей сярэдняга росту лічыцца ўзровень пачатку вялікага пальца рукі. Мужчынам высокага росту варта выбіраць больш доўгі пінжак, а мужчынам невысокага росту — больш кароткі.

Так нельга рабіць! У большасці чыноўнікаў зашпілены ніжні гузік.

Так нельга рабіць! У большасці чыноўнікаў зашпілены ніжні гузік.

5 Не забывайце, што любы аднабортны пінжак, з любой колькасцю гузікаў, можа быць зашпілены на ўсе з іх, акрамя ніжняга. Гэта старадаўняя ангельская традыцыя, якую да гэтага часу выконвае цывілізаванае грамадства. Не дарэчы насіць і цалкам расшпілены пінжак. Пінжак расшпільваецца толькі ў тым выпадку, калі вы сядаеце.

6. Касцюм, у якім пінжак і штаны розных тонаў або пашытыя з розных матэрыялаў аднаго колеру — па-ранейшаму на піку моды.

Кашуля

7. Між каўняром зашпіленай кашулі і вашай шыяй павінен змяшчацца адзін палец. Калі залазяць два — кашуля вам вялікая. Калі палец не залазіць, а каўнер кашулі ўпіваецца ў шыю, ператвараючы яе ў каўбасу – таксама не варыянт.

8. Манжэт кашулі павінен выглядаць з-пад рукава пінжака на 1-1,5 см.

9. Сачыце за тым, каб кашуля не была вам вялікай. Яна гэтак жа, як і пінжак, мусіць ідэальна сядзець у плячах.

Штаны

10. У наш час можна вылучыць тры варыянты даўжыні, і на англійскай мове для кожнага з варыянтаў існуе свая назва: full break, half break, no break. Тут break пазначае складку на штанах, якая ўтвараецца спераду ў ніжняй частцы штаноў. І так, тры ты:

  1. Калі вы стаіце, то вашыя штаны павінны абавязкова дакранацца да чаравіка.
  2. У кансерватыўным англійскім стылі лічыцца, што штаны павінны даставаць да абцаса чаравіка (full break),
  3. У сваю чаргу сучасныя італьянскія трэнды мяркуюць, што штаны могуць ледзь-ледзь дакранацца да чаравіка (no break)

Вам, як чыноўніку, лепш за ўсё падыдзе першы варыянт.

Папруга

Не забудзьцеся, што папруга мусіць спалучацца з колерам абутку.

Гальштук

1. Лацкан пінжаку мусіць быць прапарцыйны шырыні гальштука: чым шырэйшы лацкан, тым шырэйшы гальштук (ну і наадварот).

2. Гальштук заўсёды мусіць быць цямнейшым за кашулю.

3. Эксперыментуйце з кроем. Гэта не абавязкова бліскучы гальштук, які прадаецца ў кожнай краме.

Шкарпэткі

1. Ні ў якім разе нельга дапусціць, каб пад час сядзення нехта пабачыў кавалак вашай голай і валасатай нагі.

2. Прайшоў той час, калі у крамах прадаваліся шкарпэткі аднаго колеру. Таму варта карыстацца магчымасцямі і звяртаць увагу на іншы колер. Гэта актуальна для ўсіх, акрамя хіба прэзідэнта ці прэм'ер-міністра падчас вельмі сур'ёзных сустрэч. А калі вы звычайны чыноўнік, то лёгка апранайце бардовыя, цёмна-сінія, цёмна-гарчычныя ці цёмна-зялёныя шкарпэткі.

Абутак

Лепш за ўсё пад ваш касцюм падыдуць оксфарды ці брогі. Галоўнае, каб абутак быў чысты.

Калі цяжка вызначыцца з колерам, вось падказка:

А для нагляднага прыкладу таго, як апранаюцца вашыя калегі, вось вам, калі ласка, былы мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг ці Абама, які часта ўзначальвае рэйтынгі модных палітыкаў.

 Калі вы захаваеце нашыя парады і наступны раз перачытаеце іх перад паходам у краму за касцюмам, то абяцаем, што вы будзеце самым модным у нашым урадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?