У мінскіх крамах плануецца адкрыць стэнды латвійскіх тавараў, паведамілі Delfi.lv у прэс-службе Рыжскай думы.

фота з фэйсбука Ніла Ушакова

фота з фэйсбука Ніла Ушакова

«Рыжскае самакіраванне акажа падтрымку ў рамках сваёй кампетэнцыі, каб спрыяць збыту ў Беларусі прадукцыі, вырабленай у Латвіі і Рызе. Ёсць канкрэтны намер стварыць у мінскіх крамах стэнды «Рыжскi куток», дзе рэалізоўвалася б наша прадукцыя», — сказаў мэр латвійскай сталіцы Ніл Ушакоў, які знаходзіцца з візітам у Мінску.

Паводле яго слоў, «Рыжскія куткі» ў крамах беларускай сталіцы плануецца арганізаваць па ўзоры «Рыжскіх панадворкаў», некалі ўдала створаных у магазінах Масквы, але якія цяпер закрыліся з-за ўзаемных санкцый Еўрасаюза і Расіі.

«У нас няма мэты напрамую канкурыраваць з беларускімі таварамі, але прапаноўваць нішавыя прадукты, якія могуць узбагаціць магчымасці выбару для пакупнікоў», - сказаў Ушакоў, дадаўшы, што спадзяецца таксама і на пашырэнне супрацоўніцтва беларускіх прадпрымальнікаў з Рыжскім свабодным портам.

фота з фэйсбука Ніла Ушакова

фота з фэйсбука Ніла Ушакова

У сераду 8 красавіка Ушакоў і старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац падпісалі ў Мінску праграму супрацоўніцтва паміж двума сталіцамі ў 2015-2017 гг. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў садзейнічанні прадпрымальніцтву і развіццю турызму, а таксама абмен вопытам у пытаннях камунальнай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і помнікаў, сацыяльнай палітыкі і аховы здароўя.

Мэр Рыгі таксама адкрыў Латвійска-беларускі бізнэс-форум, прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ў Мінску міжнароднай выставы «Адпачынак 2015» і наведаў Мінскі тэхналагічны парк.

Рыжская гарадская дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Мінску з рабочым візітам з 7 па 10 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0