Жыхар Кітая цягам многіх гадоў меў раманы адначасова як мінімум з 17 дзяўчатамі, кожная з якіх лічыла сябе яго адзінай пасіяй, піша Бі-Бі-Сі

Невядома, як доўга б яму ўдавалася весці такі лад жыцця, калі б не няшчасны выпадак. Пасля таго як ён трапіў у аўтамабільную аварыю, 17 яго сябровак неадкладна прымчаліся ў лякарню пацікавіцца яго самаадчуваннем.

Як паведамляе газета South China Morning Post, жыхар горада Чанша ў правінцыі Хунань, вядомы толькі як містэр Юань, па ўсёй бачнасці сустракаўся з усімі гэтымі жанчынамі паралельна, прычым у адной з іх нават было дзіця ад яго.

Многіх з гэтых дзяўчат Юань вадзіў за нос на працягу месяцаў, аднак у некаторых выпадках стасункі доўжыліся шмат гадоў. Праўда выявілася пасля таго, як дактары звязаліся з яго каханымі, каб паведаміць ім пра здарэнне.

«Я вельмі ўстрывожылася, калі даведалася, што ён трапіў у бальніцу, — распавяла журналістам мясцовай газеты Сяа Лі, якая сустракалася з містэрам Юанем 1,5 года. — Але калі я ўбачыла, што ў бальніцу адна за адной прыходзяць усё больш прыгожыя дзяўчаты, каб справіцца пра яго, я расплакалася так, як ніколі ў сваім жыцці».

Паводле яе слоў, некаторыя з яго палюбоўніц аказвалі яму матэрыяльную дапамогу, прычым адна з іх забяспечвала яго грашыма на працягу дзевяці гадоў.

Яшчэ адна ашуканая Юанем сяброўка распавяла, што ўжо пачала падрыхтоўку да вяселля.

Для самога ж містэра Юаня, праблемы толькі пачынаюцца: паліцыя ў Кітаі пачала расследаванне па падазрэнні ў махлярстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0