Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Кніга ўпершыню пабачыла свет у серыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагоддзя» ў 2007-м. Перад гэтым прагучаўшы ў эфіры Радыё Свабода. Аўтар абраў асоб з нацыянальнага пантэону, пра якіх расказаў у сціслых, але змястоўных эсэ. Гэта паўстанцы Касцюшкі, паўстанцы 1831 і 1863 гадоў, айцы БНР і БССР…

«Гэта аўтарская энцыклапедыя любові да радзімы, волі і незалежнасці»,

— напісаў ва ўступным слове да кнігі Аляксандр Лукашук.

— У новым выданні 300 кароткіх партрэтаў тых, хто змагаўся за свабоду ў самых розных яе вымярэннях і ўвасабленнях. З часоў Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі і да пачатку 21 стагоддзя, — расказвае Уладзімір Арлоў. — Рыхтуючы трэцяе выданне, я не заглыбляўся ў гісторыю: усе мае новыя героі — нашы сучаснікі. Гэта Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Дамашэвіч, Ніна Мацяш, Яўген Будзінас, калі казаць пра маіх калег літаратараў. Гэта Генадзь Грушавы, філосаф, які вырашыў, што найвышэйшая філасофія — гэта ратаваць нацыю. І стварыў дабрачынны фонд «Дзеці Чарнобыля». Гэта палітык Віктар Івашкевіч. Вядомыя ўсім ваяры культурніцкага фронту Арына Вячорка, якую я называю рыцаркай Вялікага Княства, гісторыкі і архівісты Генадзь Кісялёў і Віталь Скалабан, Зміцер Сідаровіч, музыка, стваральнік легендарнага гурту «Камелот», мовазнаўца Юрась Бушлякоў, паэты Таццяна Сапач і Юрый Гумянюк, мастак Сяргей Цімохаў, Сяржук Вітушка. Палітолаг Віталь Сіліцкі, эканаміст Уладзімір Кулажанка. Згадаем святароў: кардынал Свёнтак і ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс — літовец, якога беларускае паветра зрабіла беларускім ксяндзом. Яго вельмі цёпла ўзгадваюць у Мёрах, у Слабодцы на Браслаўшчыне, дзе ён паставіў помнік Еўфрасінні Полацкай. А ў Мёрах ён паставіў першы ў Еўропе помнік ненароджанаму дзіцяці. Галіна Сямдзянава, дэпутатка Вярхоўнага Савета гістарычнага 12 склікання, якая ў лёсавызначальны момант для гісторыі Беларусі не пусціла на трыбуну першага сакратара ЦК КПБ Малафеева, і той самы дзень Дэкларацыя пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі набыла статус канстытуцыйнага закона.

Першы беларускі інтэрнаўт Уладзя Каткоўскі, самы малады супрацоўнік беларускай службы Радыё Свабода і першы ў гісторыі вэб-майстар. Сярод маіх герояў Міхал Шарамет, які трагічна памёр: смерць нагадвае сыход Сакрата, толькі Сакрат прыняў свядома цыкуту, а Міхал Шарамет памылкова жаваў корань цыкуты ў адным са шматлікіх сваіх падарожжаў па Беларусі. Міхал калісьці кіраваў маладафронтаўскай дружынай, потым стварыў арганізацыю «Ваяр», якая стала спадкаемніцай «Краю», і абараняла недзе да сярэдзіны 2000-х моладзь на масавых акцыях. Ён жа быў адным з легендарных Міронаў.

Яшчэ адзін Міхал сярод маіх герояў — Міхал Жызнеўскі. Імя, якое вядомае ўсім, хто блізка да сэрца ўспрымае падзеі ва Украіне. Як казалі пра яго сябры, ён аддаў жыццё за Украіну, каб жыла Беларусь. Я пішу, што паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які ішоў тады па Кіеве ў жалобнай працэсіі, кажа пра 100 тысяч яе ўдзельнікаў. І ўсе раз-пораз пачыналі скандаваць «Дзякуй, Беларусь!»

Сярод маіх новых герояў і Кастусь Акула. Патрыярх нашай эміграцыйнай літаратуры, чалавек, з якім мяне звязвалі сяброўскі стасункі. Аўтар знакамітага рамана «Змагарныя дарогі», у якім беларускі чытач, відаць, упершыню ўбачыў падзеі Другой сусветнай вайны зусім у іншым ракурсе.

«НН»: На жаль, героі Вашай кнігі людзі, якія адышлі ад нас. Не думалі напісаць падобную кнігу пра жывых?

УА: Гэтая кніжка ад пачатку задумвалася мной, а першае выданне выйшла восем гадоў таму, як аповеды пра людзей, чыё жыццёвае кола завяршылася. І гэта дае магчымасць даць ацэнку свайму герою без усялякіх ваганняў. На жаль, і мой уласны досвед сведчыць, што далёка не кожны можа да канца сваіх дзён захаваць вернасць сваім ідэалам, прынцыпам, вернасць самому сабе. І сыходзячы з гэтага я выбіраў тых герояў.

Яшчэ адзін прынцып крытэрыю адбору, гэта людзі, які змагаліся за свабоду ў самых розных яе іпастассях і ўвасабленнях, свабоду слова, сумлення, веры, за права быць сваім чалавекам на сваёй зямлі, за незалежнасць Беларусі.

Усе гэтыя людзі нейкім чынам паўплывалі на мае погляды, магчыма, на мой характар. Натуральна, паміж некаторымі маімі героямі і мной некалькі стагоддзяў. Але значную частку я ведаў асабіста. І ў такім выпадку было найбольш складана распавядаць пра асобу.

Не толькі вельмі вядомыя асобы сталі героямі маёй кнігі. Тут дзясяткі асоб, згадак пра якіх вы не знойдзеце ў энцыклапедыях, даведніках сучаснай Беларусі. Напрыклад, калі мы зазірнём у адпаведны том універсальнай Беларускай энцыклапедыі, то марна будзе шукаць імя Ігара Гермянчука, рэдактара газеты «Свабода», якая стала сапраўднай у свой час падзеяй не толькі ў беларускай журналістыцы, але і ў найноўшай гісторыі Беларусі. Марна будзем шукаць там і імя палітолага Віталя Сіліцкага ці палітыка, грамадскага дзеяча Віктара Івашкевіча, дзясяткі іншых імёнаў. Таму ў нейкім сэнсе мая кніжка выконвае ролю такога аўтарскага энцыклапедычнага даведніка. Хоць, безумоўна, гэта не даведнік — гэта зборнік кароткіх эсэ.

Я лічу сваім суаўтарам выдатнага мастака, дызайнера Генадзя Мацура. Ён можа пацвердзіць тое, што я скажу зараз. Калі працуеш над кнігай такога кшталту, калі ты маеш справу з такой колькасцю герояў, людзей абсалютна неардынарных, выбітных, то ў працэсе працы даводзіцца дакранацца да сфер загадкавых, містычных. Мы з Генадзем Мацурам маглі б расказаць некалькі гісторый пра тое, як трансцэндэнтальныя сілы ўмешваліся ў нашу працу: дапамагалі альбо перашкаджалі.

«НН»: Напрыклад?

УА: Адна такая гісторыя здарылася, калі мы працавалі над першым выданнем. У час адбору ілюстрацый і каментавання некаторых з іх, рассыпаўся набор значнай часткі кніжкі. І потым яго давялося файлік за файлікам зноў збіраць. Гэта было абсалютна невыпадкова. І пасля гэтага мы з Генадзем далі сабе слова, што ўстрымліваемся ад усялякіх каментароў што да выяў нашых герояў. Думаю, што гэта была рэакцыя вось гэтых сіл на нашы неасцярожныя і неабачлівыя словы — каментары. Гаворка ішла пра ўдзельнікаў паўстання 1831 года.

Прэзентацыя кнігі «Імёны Свабоды» адбудзецца 11 красавіка ў галерэі «Ў», пачатак а 19.00. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?