Следчым камітэтам Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжы 120 тон сухога малака айчыннай вытворчасці, набытага суб'ектамі гаспадарання Расіі. 

Як паведамілі ў цэнтральным апараце СК, устаноўлена, што малако выкрадалася транснацыянальнай арганізаванай групай на працягу 2011—2012 гадоў. У яе склад уваходзілі тры грамадзяніны Беларусі (1959, 1966 і 1980 гадоў нараджэння) і адзін грамадзянін РФ (1972 года нараджэння). 

Праведзены следчымі аналіз дазволіў высветліць усе тонкасці і нюансы, дзякуючы якім была выкрадзена такая буйная партыя сухога малака. 

Схема крадзяжу заключалася ў тым, што арганізатар злачыннай групы шукаў у інтэрнэце інфармацыю, якім расійскім прадпрыемствам патрэбныя грузаперавозчыкі для дастаўкі набытага сухога малака беларускай вытворчасці на тэрыторыю РФ. Пасля прадпрыемствам прапаноўвалася гэтая паслуга па цане ніжэй за рыначную. Члены групы, якія не збіраліся выконваць свае абавязацельствы, падраблялі дакументы, наймалі неабходны транспартны сродак і, забраўшы груз ад пастаўшчыка, выкрадалі сухое малако для далейшай рэалізацыі трэцім асобам на тэрыторыі Расіі. 

Роля кожнага з членаў групы была выразна размеркаваная. Імі прымаліся беспрэцэдэнтныя меры бяспекі — выкарыстанне вялікай колькасці мабільных тэлефонаў з рознымі сім-картамі, адсутнасць візуальнага кантакту і інш. 

Усяго ўстаноўлена дзесяць эпізодаў злачыннай дзейнасці. Сума ўрону склала прыблізна 2 мільярды рублёў. Падчас следства з улікам накладзенага арышту на маёмасць абвінавачваных урон пакрыты ў поўным аб'ёме. 

Удзельнікам арганізаванай групы выстаўленыя абвінавачанні на падставе ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры). Яны знаходзяцца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?