7 гадоў пазбаўлення волі — такі прысуд вынес 6 студзеня суд Маскоўскага раёна вінаватаму ў наездзе на прыпынак у сталічным мікрараёне Малінаўка. Трагедыя адбылася каля 17.00 19 верасня 2014 года на сталічнай вуліцы Ясеніна ў раёне дома №38.
Кіроўца BMW, выязджаючы з двара дома №35, не справіўся з кіраваннем, вывярнуў на сустрэчную паласу, газануў і вылецеў на прыпынак, дзе ў той момант стаялі два пешаходы: 61-гадовая жанчына загінула на месцы, 67-гадовы мужчына пазней памёр у бальніцы.
22-гадовы кіроўца быў пазбаўлены правоў за «п'янку» у 2011 годзе, 24 чэрвеня 2014 ён вярнуў пасведчанне кіроўцы, а праз 4 дні зноў быў затрыманы п'яным за рулём і зноў пазбаўлены правоў. У гэты раз мужчына зноў знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, медагляд паказаў 1,72 праміле алкаголю. Як тлумачыў на судзе абвінавачваны, перад здарэннем ён выпіў 3,5 л піва.
Мужчына быў затрыманы, а пазней — арыштаваны. Увесь час да суду ён правёў пад вартай.
22-гадовага кіроўцу абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 5 арт. 317 КК: «Парушэнне ПДР, здзейсненае асобай у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб», а таксама ч.1 арт.317 заўв КК «Кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення паўторна на працягу года». Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 і 2 гадоў адпаведна.
У судовым працэсе дзяржабвінаваўца прасіў прызнаць 22-гадовага мужчыну вінаватым у здзяйсненні дадзеных злачынстваў і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму — па сукупнасці. Рашэнне суда было больш мяккім — 7 гадоў калоніі па сукупнасці пакаранняў.
На судзе абвінавачваны падаў даведку аб тым, што яго жонка знаходзіцца на 26-й тыдні цяжарнасці.
Пацярпелыя — дачка і ўнукі загінулага мужчыны — прасілі суд вызначыць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 200 (дачцэ) і 150 (кожнаму з дваіх унукаў) млн рублёў і ўскласці абавязак па выплаце на фармальнага ўласніка BMW, які «прадаў» аўтамабіль мужчыну па даверанасці, а таксама непасрэдна абвінавачанага. Суд прызначыў 100 і 75 млн адпаведна — і вырашыў, што выплачваць іх будзе 50-гадовы ўласнік, а не 22-гадовы кіроўца. Гэта рашэнне будзе абскарджана бокам уласніка.
Іншыя пацярпелыя — сваякі загінулай жанчыны — патрабаванняў аб кампенсацыі маральнай шкоды не заяўлялі.
BMW канфіскаваны.