Я вельмі люблю лістапад і снежань, менавіта ў гэты час пачынаюць працаваць святочныя крамы.

Яшчэ ў дзяцінстве памятаю, як бегла ў мясцовы Дом гандлю, каб паглядзець, якія там ёлачныя ўпрыгожванні ды іншыя цацкі, якія робяць любую зіму для дзіцяці сапраўднай казкай.

У Мінску захапленне ад прыгожых вітрын ГУМа і ЦУМа не прайшло дагэтуль. І, безумоўна, я пайшла глядзець, што яны прапаноўваюць у якасці неабходных атрыбутаў калядных і навагодніх святаў.

Лепш бы я не хадзіла, бо мне падаецца, такога расчаравання я ніколі не адчувала.

Сярод велізарнай крамы ўпрыгожванняў ды сувеніраў знайшлося пару сапраўды цікавых цацак і падарункаў. Спачатку мне падалося, што іх рабілі не рукамі, а нагой, магчыма нават адной. Цацкі зроблены неахайна: вочы, насы, вусы прымацаваныя няроўна, цацкі рассыпаюцца на руках, матэрыялы танныя і непрыгожыя.

І з якога часу пафарбаваны пенапласт каштуе больш за 100 тысяч?

Сярод цацак ляжаць эратычныя касцюмы ды штучныя ялінкавыя вянкі, якія падобныя, хутчэй, на вянкі пахавальныя, толькі з чырвоным бантом.

Цацкі настолькі дзіўныя, што ўзнікае пытанне, «пад чым» іх рабілі. Зрабіла некалькі колаў сярод вітрынаў і сышла.

Калі ўжо беларусы зразумеюць, што ўсе гэтыя рэчы яны робяць перадусім для сябе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?