У рэйсавым аўтобусе Варшава — Мінск знойдзены чыпсы з утрыманнем наркатычнага рэчыва.

Як паведамілі ў прэс-службе Брэсцкай пагранічнай групы, аўтобус «Неаплан» з пасажырамі, які рухаўся з Польшчы, а першай гадзіне ночы 9 кастрычніка прыбыў у міжнародны аўтадарожны пункт пропуску «Брэст». 

Пасля высадкі і суправаджэння пасажыраў у залу для праходжання пашпартнага і мытнага кантролю памежнікі сумесна з супрацоўнікамі Брэсцкай мытні правялі надгляд салона аўтобуса.

У выніку на верхніх багажных паліцах былі знойдзеныя дзве пачкі бульбяных чыпсаў: «Канабіс чыпс» і «Гашыш чыпс», якія, як мяркуецца, утрымлівалі наркатычнае рэчыва. 

Мяркуючы па надпісах на ўпакоўках, у складзе «Гашыш чыпс» утрымліваецца 30% мукі каноплі, у «Канабіс чыпс» —1,5% лісця каноплі. Чыпсы вагой па 75 грамаў выраблены ў Чэхіі. 

Падчас папярэдняга разбору па відэаназіранні, якое маецца ў салоне «Неаплана», устаноўлена, што адносіны да гэтага тавару могуць мець два 23-гадовыя пасажыры аўтобуса — абодва грамадзяне Беларусі. 

Чыпсы канфіскаваныя супрацоўнікамі Брэсцкай мытні, якая праводзіць праверку па гэтым факце. Прызначана экспертыза чыпсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?