Карэспандэнт «Бобруйского курьера» Марына Малчанава аштрафавана на 32 базавыя велічыні (4,8 млн. рублёў) за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі. Такое рашэнне 25 верасня прыняла суддзя суда Бабруйска Наталля Чарапуха, паведамляе прэс-служба РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ). 

«Малчанава абвінавачвалася ў «незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 ч. 2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), а фактычна — у тым, што на сайце тэлекампаніі «Белсат» з'явіўся тэкст за яе подпісам», — гаворыцца ў паведамленні.

БАЖ падкрэслівае, што пераслед журналістаў па аналагічных прычынах у Беларусі пастаўлены на паток: за апошні час у розных гарадах краіны адбылося некалькі такіх выпадкаў.

«У адміністрацыйнай справе Марыны Малчанавай, з якой яна знаёмілася, знаходзілася «падказка» для суддзі — справа журналіста, тэлевядучага тэлеканала «Белсат» Алеся Залеўскага,

аштрафаванага ў маі гэтага года на 30 базавых велічынь, — паведамляе БАЖ. — Марына Малчанава двойчы звярталася ў суд з хадайніцтвам аб пераносе слуханняў да таго моманту, пакуль яна не атрымае адказ Мінюста, куды звярнулася са скаргай у сувязі з націскам на бабруйскі суд. На думку журналісткі, знаходжанне ў яе справе пабочных матэрыялаў з'яўляецца націскам на суд».

Малчанава збіраецца абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?