Дэпутат Дзярждумы Расіі ад фракцыі ЛДПР Міхаіл Дзегцяроў накіраваў запыт у МЗС з просьбай патлумачыць статус зямель былога рускага паселішча ў Каліфорніі Форт-Рос, паведамляюць «Известия».

Парламентарыя цікавіць законнасць знаходжання гэтай тэрыторыі ў складзе ЗША. На думку Дзегцярова, пры продажы ўчастка ў XIX ст. пакупнік не выканаў умовы дамовы, таму далейшыя здзелкі па перапродажы і падзелу ўчастка былі неправамоцнымі, і Расія мае падставы лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі.

«Уся гісторыя амерыканскіх адносін у сферы пабудовы дзяржавы і завалодання зямлёй і маёмасцю — гэта забойствы, рабаванні і тэрор. Але мы не індзейцы, якіх амерыканцы выселілі. Мы — рускія і проста хочам атрымаць грошы за сваю зямлю паводле закона. Форт-Рос з'яўляецца расійскай уласнасцю, здзелка па яго продажы нікчэмная, і яе дэталі пакрытыя цемрай», — заявіў Дзегцяроў.

Дэпутат адзначае, што калі расследаванне выявіць парушэнне законнасці здзелкі, то неабходна будзе звярнуцца ў Вышэйшы арбітражны суд, каб «вярнуць сваю зямлю і паставіць там сістэму «Іскандэр»».

У МЗС заявілі, што дэпутацкі запыт будзе разгледжаны ў адпаведнасці з законам на працягу месяца.

На думку Дзегцярова, у далейшым трэба будзе прааналізаваць сітуацыю з Аляскай.

Гэта ўжо не першая ініцыятыва фракцыі ЛДПР, якая прыцягвае ўвагу грамадскасці. Раней Дзегцяроў прапанаваў змяніць колеры дзяржаўнага расійскага сцяга і замяніць існуючы трыкалор на чорна-жоўта-белы імперскі штандар. Таксама ён прапанаваў размаляваць расійскі сцяг у колеры георгіеўскай стужкі.

Паселішча Форт-Рос было заснавана на ўзбярэжжа Паўночнай Каліфорніі Руска-амерыканскай кампаніяй у 1812 годзе для здабычы пушніны.

У 1841 з-за стратнасці паселішча было прададзена землеўладальніку Джону Сатэру, які па некаторых звестках, недаплаціў Расіі вялікую частку сумы па здзелцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?