Маладая сямейная пара з Магілёва правяла ноч у следчым ізалятары за налепку на іх аўто «Луганськ і Донецьк — це Україна!».

Па словах жонкі, яна з мужам ехала па Магілёве, калі іх спыніў супрацоўнік ДАІ. Пасля размовы з маладым чалавекам абаронцы правапарадку паведамілі, што збіраюцца адагнаць машыну на штраф-стаянку.

«Прычынай гэтага затрымання, хутчэй за ўсё, паслужылі тры сцяжкі на лабавым шкле — бел-чырвона-белы, сцяг Украіны і сцяг УНА — і вялікая налепка на заднім шкле «Луганськ і Донецьк — це Україна!», — распавёў знаёмы сям'і, спасылаючыся на словы ўдзельніцы інцыдэнту.

Пры гэтым таварыш удакладніў, што «муж з жонкай не з'яўляюцца сябрамі якой-небудзь арганізацыі, але выходзілі і выходзяць на ўсе акцыі пратэсту», на якой яны з ім і пазнаёміліся яшчэ ў 2010 годзе.

Увесь вечар пасля інцыдэнту з сямейнай парай адсутнічала тэлефонная сувязь. Пазней высветлілася, што маладыя людзі правялі ноч у ізалятары, затым быў суд, на якім яны атрымалі штраф па 15 базавых велічынь за супраціў супрацоўнікам ДАІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?