Сёння ўступае ў сілу закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вызначэння пражытачнага мінімуму», паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. 

Гэтым законам (прыняты 7 мая) зменены падыход да вызначэння пражытачнага мінімуму, асноўныя сацыяльна-дэмаграфічныя групы насельніцтва дапоўнены новай групай - «студэнты». 

У склад пражытачнага мінімуму ўваходзіць мінімальны набор прадуктаў харчавання, а таксама нехарчовыя тавары і паслугі. Мінімальны набор прадуктаў харчавання, як і раней, вызначаецца па навукова-абгрунтаваных нормах спажывання і распрацоўваецца Мінпрацы і сацабароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, а таксама навуковымі арганізацыямі. Нехарчовыя тавары і паслугі ўключаюцца ў пражытачны мінімум як фіксаваная доля ў працэнтах ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання.

Дарэчы, у сусветнай практыцы прымяняюцца розныя метады разліку велічынь спажывецкіх бюджэтаў. Адзін з іх - нарматыўны метад, які прымяняўся ў рэспубліцы да 17 верасня 2014 года. Апошнім часам у міжнароднай практыцы назіраецца тэндэнцыя пераходу да іншых падыходаў фарміравання пражытачнага мінімуму - краіны адыходзяць ад нарматыўнага метаду разліку. Так, у Расіі ў канцы 2012 года ўнесены адпаведныя змяненні ў заканадаўства, якое рэгулюе пытанні ўстанаўлення пражытачнага мінімуму. 

Пры вызначэнні пражытачнага мінімуму выкарыстоўваецца механізм разліку кошту нехарчовых тавараў і паслуг як доля ў працэнтах ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання (так званы метад даліку).

Новы механізм вызначэння кошту нехарчовых тавараў і паслуг, якія ўваходзяць у пражытачны мінімум, у адрозненне ад нарматыўнага метаду разліку пражытачнага мінімуму дае магчымасць выключыць залішнюю дэталізацыю норм спажывання нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама больш гібка і аператыўна ў далейшым рэагаваць на змяненне найбольш значных тэндэнцый у спажывецкім настроі насельніцтва.

У мэтах выканання норм закона пастановай Савета Міністраў ад 4 верасня 2014 года №865 зацверджаны пражытачны мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, гэта значыць вызначаны мінімальныя наборы прадуктаў харчавання для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва (для працаздольнага насельніцтва (мужчын і жанчын), пенсіянераў, студэнтаў, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, ад 3 да 6 гадоў, ад 6 да 18 гадоў), а таксама фіксаваная доля ў памеры 77 працэнтаў для разліку кошту нехарчовых тавараў і паслуг ад кошту мінімальнага набору прадуктаў.

Паводле слоў спецыялістаў, вартаснай велічынёй пражытачнага мінімуму з'яўляецца бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ), які ўключае абавязковыя ўзносы плацяжы. Пастановай урада зацверджана Палажэнне аб парадку разліку бюджэту пражытачнага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах і ў сярэднім на душу насельніцтва. Такім чынам, вызначаны дакладны алгарытм разліку бюджэтаў.

Бюджэты пражытачнага мінімуму разлічваюцца, як і раней, для 6 асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва - працаздольнае насельніцтва; пенсіянеры; студэнты (раней - дзеці-студэнты); дзеці ва ўзросце да 3 гадоў; ад 3 да 6 гадоў; ад 6 да 18 гадоў. У якасці бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва прымаецца сярэднедушавы бюджэт пражытачнага мінімуму сям'і з чатырох чалавек. 

Паўнамоцтвы на штоквартальнае зацвярджэнне бюджэту пражытачнага мінімуму ў цэнах апошняга месяца квартала перададзены ад урада Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. 

Трэба адзначыць, што 4 верасня 2014 года прыняты ўказ нумар 435 «Аб бюджэце пражытачнага мінімуму і ўнясенні змяненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якім урэгуляваны пытанні прымянення БПМ. Указам вызначаецца парадак прымянення бюджэтаў пражытачнага мінімуму, зацверджаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, за мінулыя перыяды, а таксама прадугледжваецца пераходнае палажэнне, якое ўстанаўлівае часавы перыяд, на працягу якога можа выкарыстоўвацца бюджэт пражытачнага мінімуму, зацверджаны Саветам Міністраў і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?