АБСЕ асуджае акупацыю Расіяй тэрыторыі Украіны і выказвае шкадаванне з нагоды працягу дзеянняў Расіі, накіраваных на дэстабілізацыю ва Украіне.
Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЕ, прынятай на 23-й сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіць у Баку, паведамляе Радыё «Свабода».
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы АБСЕ «адмаўляцца ад прызнання гвалтоўнай анэксіі Крыма Расійскай Федэрацыяй» і выказвае «шкадаванне з нагоды ўзброенага ўмяшання, якое ажыццяўляецца кантраляванымі Расійскай Федэрацыяй сіламі ва Украіне, а таксама парушэнняў правоў чалавека, якія яны працягваюць выклікаць».
У прынятай рэзалюцыі гаворыцца пра «цвёрдую падтрымку суверэнітэту, палітычнай незалежнасці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, як гэта вызначана Канстытуцыяй краіны».
У дакуменце таксама ўтрымліваецца патрабаванне да Расіі адмовіцца ад правакацыйных ваенных палётаў над Паўночна-Балтыйскім рэгіёнам <…> і спыніць сваю падрыўную дзейнасць сярод этнічнага рускага насельніцтва Латвіі, Літвы і Эстоніі».