Аб'ём імпарту ўкраінскіх тавараў у Беларусь у студзені 2014 года скараціўся ў параўнанні са студзенем 2013-га на 38,5%, сведчаць афіцыйныя звесткі беларускай статыстыкі. 

У студзені гэтага года ў Беларусь было пастаўлена ўкраінскіх тавараў на 94,5 млн. долараў (у студзені 2013-га — на 153,7 млн.). Зніжэнне адбылося практычна па ўсіх асноўных таварных пазіцыях. 

Варта адзначыць, што ўкраінскі імпарт у Беларусь у студзені 2014 года скараціўся і ў параўнанні са снежнем 2013-га — на 41,6%. 

Беларускі экспарт ва Украіну за гэты перыяд знізіўся не вельмі значна. Так, у студзені 2014 года Беларусь паставіла ва Украіну тавараў на 294,3 млн. долараў (на 6,3% менш у параўнанні са студзенем 2013-га). У параўнанні са снежнем 2013-га беларускі экспарт ва Украіну ў студзені 2014-га знізіўся на 18,8%. 

Украіна з'яўляецца адным з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. У 2013 годзе тавараабарот дзвюх краін склаў 6,25 млрд. долараў. Па велічыні тавараабароту Украіна заняла другое месца ў спісе амаль са 180 краін, з якімі гандлявала летась Беларусь. 

У гандлі з Украінай Беларусь мае ўстойлівае станоўчае сальда, якое з'яўляецца вынікам таго, што беларускі экспарт (у 2013 годзе ён склаў 4,2 млрд. долараў) перавышае ўкраінскі імпарт (2,06 млрд. долараў). Амаль 70% беларускага экспарту ва Украіну ў 2013 годзе прыпала на нафтапрадукты. 

На фоне палітычнай нестабільнасці ва Украіне ў апошнія месяцы эканамічныя паказчыкі краіны працягваюць зніжацца. Так, аб'ём прамысловай вытворчасці ва Украіне ў студзені—лютым 2014 года, паводле звестак Дзяржстата, знізіўся на 4,2%. Аб'ём украінскага экспарту ў студзені 2014-га скараціўся на 12,3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. 

Новы ўкраінскі ўрад, які прыйшоў да ўлады ў лютым, паставіў задачу скараціць дэфіцыт бюджэту ўдвая (першапачаткова меркавалася, што дэфіцыт дзяржбюджэту складзе ў 2014 годзе 4,3% ВУП). Міністр фінансаў Украіны Аляксандр Шлапак у сакавіку заявіў: з прычыны рэалізацыі планаў па зніжэнні расходаў бюджэту ўнутраны попыт скароціцца, што адмоўна паўплывае на тэмпы эканамічнага росту ў краіне. «Ніякага эканамічнага росту, на вялікі жаль, сёлета мы не атрымаем», — сказаў кіраўнік Мінфіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?