«Так, сапраўды «падцягнуў»… Толькі Заходнюю да Усходняй», — так зрэагаваў каментатар «Нашай Нівы» на заяву Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі ўсходнія вобласці падцягваюцца «да ўзроўню гаспадарання і працы ў заходніх».

«Маладое пакаленне цалкам зрусіфікавана. Мацюкі, п'янства, гультайства… Можна канстатаваць — уніфікацыя адбылася», — піша чытач Жухоўскі.

Лукашэнка 23 сакавіка разважаў пра Заходнюю і Усходнюю Украіну і Беларусь так: «Падзялілі, я яшчэ раз падкрэсліваю, Украіну на Заходнюю і Усходнюю толькі палітыкі. Таксама можна правесці паралель, вы гэта бачылі, у нас тая ж сітуацыя была: Заходняя Беларусь і Усходняя.

Яшчэ да прэзідэнцтва, будучы дэпутатам, калі пачынаў працаваць, я часта бываў у Заходняй Беларусі і захапляўся, як яны працуюць, асабліва ў Гродзенскай вобласці. Я працаваў на крайнім усходзе і захапляўся іх працай. Мы заўсёды казалі пра тое, што дзякуючы таму, што яны там, у заходняй частцы, жылі ва ўмовах прыватнай уласнасці, яны навучыліся працаваць, не страцілі ўменне працаваць. А мы на ўсходзе так, несур'ёзна.

Але мы ж гэтую грань ніколі не праводзілі, што Заходняя Беларусь — гэта такія дрэнныя, нядобрыя, чужыя, а на ўсходзе — гэта добрыя людзі. Мы ніколі так не казалі! Перад мной стаяла задача — выраўнаваць такую сітуацыю. І мы выраўноўваем яе за кошт падцягвання ўсходніх абласцей да ўзроўню гаспадарання і працы ў заходніх.

Гэта наша дасягненне, што сёння ўжо няма ніякай розніцы. Нават я не мог тады такога ўявіць. Сёння гэта ёсць на самай справе, бо мы праводзілі вельмі акуратную палітыку», — пахваліўся Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0