Выкананне дзяржпраграмы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў знаходзіцца на недапушчальна нізкім узроўні, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня на нарадзе па пытаннях будаўніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці жылых раёнаў для жыхароў сталіцы.

«Яшчэ ў 2008 годзе перад урадам была пастаўлена задача перспектыўнага стварэння і развіцця гарадоў — спадарожнікаў Мінска, а ў 2010-м была зацверджана адпаведная дзяржаўная праграма. Аднак яе выкананне цяпер знаходзіцца на недапушчальна нізкім узроўні. Большасць мерапрыемстваў або яшчэ толькі прапрацоўваюцца, або наогул не рэалізаваны».

У Смалявічах, напрыклад, дагэтуль не ўведзены першы шматкватэрны жылы дом для мінчан, будаўніцтва якога пачата ў 2012 годзе. «Нават пры ажыццяўленні гэтага пілотнага праекта ўзвядзенне неабходных аб`ектаў інжынернай інфраструктуры да гэтага часу не забяспечана», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, наспела неабходнасць распрацоўкі адзінага горадабудаўнічага плана развіцця Мінскай агламерацыі, які адлюстроўвае ўсе існыя патрэбнасці. Акрамя таго, неабходна выразна вызначыцца з месцамі размяшчэння новых раёнаў забудовы ў гарадах-спадарожніках, дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка пазначыў некалькі пытанняў, якія патрабуюць аблівай увагі. У іх ліку — аптымальнасць выбару зямельных участкаў.

«Больш як 50% забудовы прадугледжваецца размясціць на сельскагаспадарчых землях. Адразу вам кажу, што гэта недапушчальна. Гэта ідзе ўразрэз з патрабаваннямі рацыянальнага выкарыстання ўгоддзяў, з інтарэсамі аграпрамысловага комплексу — галоўнага экспартнага патэнцыялу нашай краіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Разбою з землямі сельгаспрызначэння быць не павінна, — падкрэсліў ён. — І ўрад, і губернатары, асабліва Міншчыны, за гэта адказваюць галавой.

У нас больш чым дастаткова земляў, на якіх ніколі не будуць апрацоўвацца сельскагаспадарчыя культуры. Можа быць, трошкі даражэй абыдзецца гэта будаўніцтва, але на перспектыву гэта ў сто раз танней. Сёння агракомплекс стаў асновай экспарту. Мы праз два гады павінны 7 млрд. долараў атрымаць ад экспарту сельгаспрадукцыі. Дзе будзем вырабляць, калі мы пад будаўніцтва аддадзім добрыя землі?».

«У нас дастаткова балот, няўдобіц, хмызнякоў, каб прывесці іх у парадак і паставіць там шматпавярховыя і іншыя дамы ці прампрадпрыемствы.

Лепш нават падрэзаць лес і там пабудаваць пасёлак, чым лезці на землі сельгаспрызначэння. Выбірайце лапікі па 3-4 гектары і там забудоўвайце», — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што значныя фінансавыя рэсурсы спатрэбяцца на будаўніцтва аб`ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры. «Як будуць вырашаны пытанні іх фінансавання, з якіх крыніц? І наогул трэба паглядзець на гэтыя інжынерныя і транспартныя сістэмы, каб гэта не было па тых савецкіх лякалах, як у нас калісьці было: накрэслілі алоўкам у адным напрамку дарогу і пачынаем секчы, рэзаць і калупаць зямлю, не лічачы грошы. Трэба прымяняць самыя перадавыя тэхналогіі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён пацікавіўся тым, як увязаны з агульным развіццём рэгіёну праекты па стварэнні такіх буйных аб`ектаў, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, праца прадпрыемстваў СЭЗ «Мінск» у Фаніпалі і Дзяржынску, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол Нацыянальнага аэрапорта, а таксама шматфункцыянальныя спартыўныя і рэкрэацыйныя зоны — Заслаўскае вадасховішча, Раўбічы і Сілічы.

«Чаму замест комплекснага падыходу да развіцця тэрыторый працягваецца распрацоўка адасобленых планаў па складзеных у папярэдні перыяд адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках?» — паставіў пытанне Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?