24 жніўня 1991 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла рашэнне пра выхад з СССР. Гэты дзень нашы суседзі адзначаюць як Дзень Незалежнасці. У Кіеве традыцыйна адбываецца вайсковы парад. Святкуецца дзень жоўта-блакітнага сцяга.

Гэты крок суседзяў у бурным жніўні 1991-га паўплывае на беларускі парламент, і на наступны дзень, 25 жніўня, ён прыме аналагічнае рашэнне. Хоць пранезалежніцкія Народны Рух і Народны Фронт былі і там, і там у меншасці (120 з 450 дэпутатаў ва Украіне належалі да апазіцыйнай фракцыі Народная Рада, а ў Беларусі годам раней толькі 57 з 345 дэпутатаў падтрымалі народнафронтаўскую прапанову абвясціць незалежнасць у форме аднаўлення Беларускай Народнай Рэспублікі), менавіта апазіцыя ў жніўні 1991-га фармулявала дакументы, за якія галасавала і дэзарыентаваная камуністычная большасць.

Пасля жніўня 1991-га працэс фармавання інстытутаў суверэннай Беларусі пайшоў незваротна. Фармальным кіраўніком дзяржавы замест безаблічнага і бязвольнага партыйнага сакратара Мікалая Дземянцея стане фізік Станіслаў Шушкевіч, а рэальная ўлада ў краіне пяройдзе ў рукі ўрада на чале з Вячаславам Кебічам.

Дэпутат таго Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык мяркуе, што менавіта 25 жніўня павінна адзначацца як Дзень Незалежнасці і ў нашай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?