Віцебскую сябру ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Алену Сцяпанаву вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі мяркуюць, што Алена супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі.

9 ліпеня журналістка разам з адвакатам наведала Кастрычніцкі РАУС Віцебска, дзе старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам.

Паводле дакумента, Кастрычніцкі РАУС завёў супраць яе адміністратыўную справу па арт. 22.9 ч. 2 КаАП. Міліцыянты сцвярджаюць, што Алена на працягу доўгага перыяду «ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ „Радыё Свабода“ без адпаведнай акрэдытацыі».

«У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судах над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блакноце, — распавяла Алена. — Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі „нявысветленым асобам“. З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё „Свабода“…»

Журналістка адмовіліся даваць тлумачэнні, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, які дае чалавеку права не сведчыць супраць самога сябе.

У жніўні мінулага года Алене Сцяпанавай абласная пракуратура вынесла папярэджанне за супрацоўніцтва з «чэшскай рэдакцыяй Радыё „Свабода“». Хаця такога СМІ і не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы тады не ўдалося.

12 ліпеня справу Алены будзе разглядаць Кастрычніцкі райсуд Віцебска, пачатак, а 15-й гадзіне. У выпадку прызнання журналісткі вінаватай ёй можа пагражаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?