Начны выгляд "Прэзідэнт-гатэля"
Гатэль днём.
Пяцізоркавы сертыфікат ужо атрыманы.
Рэстаран на першым паверсе.
Самы недарагі нумар - $330
Ванны пакой "Прэміума".
Інтэр'еры прэзідэнцкага нумару
Інтэр'еры прэзідэнцкага нумару.
Прэзідэнцкае люстэрка.
Прэзідэнцкая душавая кабінка.
Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця «Прэзідэнт-гатэля».«Добрая, прыстойная гасцініца», — падсумаваў ён. Рэканструкцыя будынку працягвалася два з паловай гады. Цяпер гасцініца будзе лічыцца адной з самых прэстыжных у сталіцы. «Наша Ніва» сабрала некалькі цікавых фактаў пра новабуд.
Былая «Кастрычніцкая»
«Прэзідэнт-гатэль» паўстаў на месцы савецкай гасцініцы «Кастрычніцкая». Ён знаходзіцца на рагу вуліц Энгельса і Кірава, насупраць рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы.
«Кастрычніцкая» была пабудаваная ў 1980, аднак яе вырашылі знесці цалкам і ўзводзіць будынак з нуля.
Гатэль будзе пяцізоркавым. Гэта трэцяя гасцініца такога кшталту ў краіне. Папярэднікамі былі камунальная «Еўропа» і турэцкая «Краўн Плаза».
Належыць Кіраўніцтву справамі
Замоўцам рэканструкцыі стала РУП «Гатэль «Мінск», якое, у сваю чаргу, уваходзіць у структуру Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. Той жа ўласнік у сталічных гатэляў «Планета» і «Юбілярная».
А вось будавала «Прэзідэнт-гатэль» турэцкая кампанія «Эмсаш Іншаат Турызм Тыджарэт ве Санайі».
Туркі і далі грошы на рэканструкцыю гасцініцы, праўда, толькі ў крэдыт. 85% кошту заплаціў тамтэйшы «Цюрк Эксімбанк», а рэшту даклаў «Беларусбанк».Крэдыт давядзецца вярнуць да сярэдзіны 2018.
Цэны
У новым гатэлі будзе 154 нумары. Цэны на пражыванне не надта адрозніваюцца ад астатніх сталічных элітных гатэляў. Напрыклад,
у «Прэзідэнце» за аднапакаёвы пакой класа “прэміум” давядзецца заплаціць $330.У «Еўропе» – на $10 танней.
Двухпакаёвы люкс у новым гатэлі абыдзецца ў $510, на $60 танней, чым у «Еўропе».
Прэзідэнцкі нумар
Самы дарагі, вядома ж, «прэзідэнцкі люкс». За ноч у ім папросяць ажно $2430!Гэта як мінімум на траціну даражэй, чым у пяцізоркавых канкурэнтаў.
«Гэты ўнікальны для нумар размяшчаецца на 11-м паверсе і мае выдатны панарамны від на горад, -рассыпаецца ў кампліментах сайт «Прэзідэнт- гатэля». – Агульная плошча нумара складае амаль 500 м². Уся мэбля выканана па індывідуальным праекце. У нумары ёсць шыкоўная гасціная з кабінетам плошчай 100 м², тры спальні з прылеглымі да іх гардэробнымі пакоямі. У кожнай з спальняў ёсць ванны пакой з шкляной мазаікай на сценах, падагрэвам падлогі, гідрамасажам, душавой кабінай для рэлаксацыі з хроматэрапіяй».
Таксама кліентам прапануецца саўна з басейнам і джакузі, а таксама персанальны ліфт.
Тры рэстараны
У гатэлі адначасова запрацуе тры рэстараны – «Нацыяналь» і «Сталіца» на першым паверсе, а таксама панарамны «Алімп», – пяць бараў і чатыры банкетныя залі.
Для правядзення канферэнцый прадугледжаны кангрэс-хол на 600 месцаў, а таксама некалькі драбнейшых залаў на 135 месцаў.
У дадатковых карпусах адкрыюцца SPA-і фітнес-цэнтры з плавальнымі басейнамі і саунамі, а таксама начны клуб.