Юрый Луцэнка на волі.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны паведаміла, што былы кіраўнік ведамства Юры Луцэнка, вызвалены з турмы.
Луцэнка і яшчэ пяцёра асуджаных, у ліку якіх таксама апынуўся былы міністар аховы навакольнага асяроддзя Украіны Георгі Філіпчук, былі памілаваныя загадам прэзідэнта Віктара Януковіча.
«Сёння загад быў выкананы ў поўным аб'ёме, усе асуджаныя вызваленыя ад адбыцця пакарання», –- паведамляецца на сайце дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Украіны.
"Я вітаю рашэнне прэзідэнта Украіны памілаваць Луцэнку і Філіпчука. Гэта -- першы, але важны крок, скіраваны на вырашэнне праблемы выбарчага правасуддзя", -- напісаў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле на сваёй старонцы ў Twitter.
Вызваленне палітвязняў адкрывае Украіне шлях да падпісання Дамовы пра асацыяцыю з ЕС.Для гэтага Украіна мае выканаць тры ўмовы -- апроч вырашэння праблемы выбарчага правасуддзя, сярод іх значыцца рэформа заканадаўства ў сферы выбараў і правядзенне рэформаў, пазначаных у сумесным парадку дня аб асацыяцыі.
Вызвалены з Менскай калоніі (спецкалонія ў Чарнігаўскай вобласці, прызначаная для былых сілавікоў), Луцэнка паспеў, праз тэлефоннае ўключэнне, узяць удзел у мітынгу апазіцыі ў Кіеве. Ён падтрымаў тактыку апазіцыйных сілаў і заявіў, што не мае прэзідэнцкіх амбіцый у выбарчай кампаніі 2015 года і падтрымае кандыдата ад апазіцыі.