У Мінскі абласны суд ад Марыі Дабратворскай, адваката былога першага намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Ігара Васільева, паступіла касацыйная скарга на прыгавор гэтага суда ў дачыненні да яе падабароннага.

Праз Мінскі абласны суд гэта скарга будзе накіравана ў Вярхоўны суд Беларусі.

11 лютага Ігар Васільеў быў прыгавораны судом Мінскай вобласці да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым паводле часткі 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду, у асабліва буйным памеры). Былы першы намеснік старшыні гарвыканкама пазбаўлены правы займаць пасады ў дзяржапараце тэрмінам на пяць гадоў.

Паводле даных следства, Васільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 6 ліпеня 2012 года па падазрэнні ў вымаганні хабару ў 500 тысяч долараў ЗША ў прадстаўнікоў чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю чыноўніка і звязана з заключэннем інвестыцыйнага дагавора на будаўніцтва пад Мінскам смеццеперапрацоўчага завода. Перадача грошай павінна была ажыццяўляцца дзвюма часткамі па 250 тыс. долараў. Васільева затрымалі ў службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару.

Віну ў атрыманні хабару Васільеў у судзе не прызнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?