Сённяшні выступ прадстаўніка ААЦ ў Вене выклікаў шэраг вострых пытанняў, а потым і перапалку з некаторымі іншымі беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.

Прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў выступаў 11 хвілін. У сваёй прамове ён пераконваў удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ, што Беларусь ідзе па шляху рэформ у бок лібералізацыі інтэрнэт-сферы, і што дзяржава шчыльна супрацоўнічае ў гэтай справе з бізнэс-коламі і грамадзянскай супольнасцю.

«Калі трэба адкруціць іржавую гайку, самае цяжкае — з мёртвай кропкі яе ссунуць. Пазней яна лягчэй круціцца…» (Больш поўны тэкст выступу з’явіцца пазней.)

Адразу ж пасля заканчэння блоку прамоваў два іншыя прадстаўнікі Беларусі — Юрый Зісер і Наталля Радзіна — першымі пачалі задаваць пытанні, адрасуючы іх Рабаволаву.

Юрый Зісер выказаў незадаволенасць тым, што з-за манаполіі «Белтэлекаму» прыватныя правайдэры вымушаныя купляць дарагі інтэрнэт-трафік у дзяржавы. «Пасля прыняцця 60-га ўказу прайшло 3 гады, а воз і цяпер там…»

Другое пытанне тычылася «чорных спісаў»: Ю. Зісер выказаў упэўненасць, што сайты, якія ў іх фігуруюць, павінны быць паінфармаваныя пра гэта. Ён таксама выказаў неразуменне, чаму ў гэтых спісах апынуліся інфармацыйныя рэсурсы і блогі (ён згадаў «Хартыю-97», «Белорусский партизан» і «Вясну-96»).

Адразу ж пасля яго слова ўзяла рэдактарка «Хартыі» Наталля Радзіна. Яна назвала супрацоўніка ААЦ «прадстаўніком спецслужб Беларусі», якія самі і перакрываюць доступ беларусаў да інфармацыі ў інтэрнэце.

«Калі б я была ў Беларусі, я была б у турме», — заявіла журналістка і нагадала пра падазроную гібель (Наталля сказала — «забойства») заснавальніка рэсурсу Алега Бябеніна,
разгромы офісаў «Хартыі» ў Мінску, сваё зняволенне ў турме КДБ па крымінальным абвінавачанні і вымушаныя ўцёкі з краіны. «Вы мне будзеце казаць пра нейкі дыялог?!"

Адказаць на ўсе гэтыя пытанні і закіды прадстаўнік ААЦ не паспеў, бо мадэратар перапыніў дыскусію і прапанаваў перанесці яе ў кулуары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?