Сёлета кампанія Samsung прагназуе ў Беларусі далейшы інтэнсіўны рост аб’ёмаў як самога рынку планшэтаў, так і продажу гэтых прылад. Аб гэтым паведаміў журналістам кіраўнік IT-дэпартамента прадстаўніцтва Samsung у Беларусі Аляксей Голуб.

Паводле яго слоў, усе вядучыя вытворцы знялі з вытворчасці нетбукі і перайшлі на выпуск планшэтаў.

Па ацэнках экспертаў кампаніі Samsung, мінулы год на спажывецкім рынку тэхналагічных прылад стаў без перабольшвання годам планшэтаў. Так, у Беларусі аб’ёмы продажу лінейкі Galaxy ад Samsung выраслі прыкладна ў 10 разоў у параўнанні з 2011 годам. Такі рост абумоўлены перш за ўсё маладосцю гэтага рынку, бо масавы выхад планшэтаў на рынак пачынаўся менавіта ў 2011 годзе. Самым папулярным у беларускага пакупніка варыянтам планшэта сталі мадэлі з экранам 7.0 цаляў з магчымасцю падключэння 3G.

Аб’ём беларускага рынку ноўтбукаў па выніках 2012 года склаў каля 250 тысяч штук. Прыкладна такую ж колькасць складае, па ацэнках Samsung, і аб’ём так званага шэрага рынку.

Доля Samsung у сегменце ноўтбукаў у натуральным выражэнні склала летась 31%, павялічыўшыся з 2011 года больш чым у два разы. Склад канкурэнтаў застаецца ранейшым: HP, Asus, Acer, Lenovo. Самы запатрабаваны цэнавы дыяпазон мадэлей у беларускіх пакупнікоў — да 600 долараў. Паводле прагнозаў Samsung, рынак ноўтбукаў сёлета застанецца прыкладна на ўзроўні 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?