Рада дырэктараў ААТ «Уралкалій» ухваліла заснаванне сумеснага з ААТ «Беларуськалій» трэйдара калійных угнаенняў «Саюзкалій» (Soyuzkali GmbH). Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў прэс-службе «Уралкалія».

Згодна з рашэннем рада дырэктараў, расійска-беларуская кампанія будзе зарэгістравана ў Швейцарыі ў кантоне Цуг. Статутны капітал «Саюзкалія» складзе 200 тысяч швейцарскіх франкаў і будзе аплачаны грашовымі сродкамі. Доля «Уралкалія» ў статутным капітале сумеснай кампаніі складзе 50%.

Цяпер расійскі бок чакае адпаведнага рашэння беларускага боку.

Плануецца, што сумесная кампанія будзе гандляваць на сусветных рынках расійскімі і беларускімі калійнымі ўгнаеннямі.

Цяпер эксклюзіўным пастаўшчыком калійных угнаенняў вытворчасці «Беларуськалія» і «Уралкалія» на замежныя рынкі з’яўляецца ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», якая была створана ў 2005 годзе. Яе акцыянерамі з’яўляюцца «Беларуськалій» (45%), Беларуская чыгунка (5%) і «Уралкалій» (50%). Доля Беларускай калійнай кампаніі на сусветным рынку экспарту калійных угнаенняў складае больш чым 40%. БКК экспартуе калійныя ўгнаенні ў Еўропу, Індыю, Кітай, Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку, ЗША, Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Афрыку і Блізкі Усход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?