Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка пасля нічыёй з «Фенербахчэ» (0:0) заявіў, што ў Стамбуле барысаўчане будуць змагацца за выхад у наступны раўнд Лігі Еўропы:

Дзякуй Гродну за арганізацыю матча. Усё ж такі гуляць у лютым на такім добрым полі — гэта вялікая справа. Спадзяемся, у гэтым розыгрышы Лігі Еўропы мы сюды яшчэ вернемся.

Расчараваныя, што не атрымалася рэалізаваць колькасную перавагу?

Вядома, калі маеш перавагу ў аднаго гульца, яе трэба выкарыстоўваць. Шкада, што не выйшла. Аднак мы захавалі свае вароты «сухімі», а дуэль складаецца з двух матчаў. Каб больш эфектыўна выкарыстоўваць лішняга, трэба было хутчэй пачынаць атакі ў цэнтры поля. Нам жа гэта не ўдалося.

Ці можна сказаць, што ранняе выдаленне ў камандзе суперніка [на 4-й хвіліне] адназначна пайшло БАТЭ на карысць?

Мы маглі б так сказаць, калі б выйгралі.

Пракаментуйце гульню Глеба. Ён нязвыкла шмат біў па варотах…

Так, мы просім, каб ён часцей біў з добрых пазіцый. А калі ў агульным: калі б была вышэйшая агульнакамандная хуткасць, больш эфектыўнай была б і гульня Глеба.

Адчуваеце перавагу БАТЭ перад зваротнай сустрэчай?

Мы едзем з думкай, што нам трэба забіць. У нас ёсць тыдзень на падрыхтоўку. І БАТЭ ўмее паляпшаць гульню да другога матчу ў двухраундавым супрацьстаянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?