«Чаўнакі», якія ездзяць у Польшчу і Літву як на працу і возяць салярку, цыгарэты, не змогуць бясплатна лячыцца ў бальніцах і паліклініках, а таксама плаціць за дзіцячы сад па дзяржаўных расцэнках.

Такім чынам пракуратура вобласці прапаноўвае змагацца з кантрабандыстамі, а таксама з грамадзянамі, якія не хочуць плаціць падаткі і працуюць нелегальна.

«Напрыклад, пры наведванні паліклінікі чалавек павінен будзе паказаць страхавы поліс, — кажа пракурор вобласці Віктар Марозаў. — Прапануецца таксама ўвесці дыферэнцыраваную плату за дзіцячы сад».

На сёння ўстаноўлена, што не менш за 18 тысяч жыхароў Гродзенскай вобласці, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, нідзе афіцыйна не працуюць, але пры гэтым ездзяць на дарагіх машынах, маюць дарагія катэджы або з’яўляюцца ўласнікамі некалькіх кватэр.
Яны не плацяць падаткі, але карыстаюцца паслугамі аховы здароўя, іх дзеці наведваюць дзіцячыя садкі і школы. Хутчэй за ўсё, гэта тыя людзі, якія зарабляюць на нелегальным гандлі.

Пракурор удакладніў, што пры падліку не ўлічваліся пенсіянеры, інваліды і непаўналетнія.

Усіх, хто жыве не па сродках, запросяць у падатковую інспекцыю і папросяць расказаць, дзе яны ўзялі грошы на нябеднае жыццё.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?