У Беларусі зацверджаны план дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва на 2013—2018 гады. Адпаведная сумесная пастанова Савета міністраў і Нацыянальнага банка № 31/1 прынята 17 студзеня.

Як паведамляецца на сайце ўрада, будуць ажыццёўлены меры па развіцці культуры фінансавых паводзінаў насельніцтва, якая пачынаецца з планавання сямейнага бюджэту, у тым ліку на працяглую перспектыву. Грамадзяне павінны мець хаця б мінімальнае ўяўленне пра рызыкі і даходнасць, працэнтныя стаўкі, інфляцыю, адрозненне паміж наяўнымі і безнаяўнымі плацяжамі, іпатэку, прынцыпы функцыянавання фінансавага рынку, прыроду і функцыі фінансавых інстытутаў, фінансавыя інструменты. Таксама павінна быць разуменне пачаткаў юрыдычнай і падатковай адукаванасці, валоданне мінімальным фінансавым слоўнікам.

Людзям неабходныя і ўменне чытаць дамову, разумець інфармацыю, што ўтрымліваецца ў ёй, параўноўваць прапановы розных фінансавых устаноў, здольнасць падлічыць, колькі давядзецца плаціць па крэдыце, і многае іншае.
У сувязі з гэтым пад фінансавай адукаванасцю насельніцтва ў дакуменце разумеецца здольнасць грамадзян эфектыўна кіраваць асабістымі фінансамі, ажыццяўляць улік расходаў і даходаў дамашняй гаспадаркі, кароткатэрміновае і доўгатэрміновае фінансавае планаванне.

Планам прадугледжана фінансавае навучанне моладзі, навучанне па месцы працы, праца са СМІ, іншыя інфармацыйна-растлумачальныя праграмы. Будуць праведзены даследаванні шляхам сацыялагічных апытанняў, анкетаванні па вымярэнні даступнасці фінансавых паслуг для насельніцтва і малога прадпрымальніцтва. Штогод будуць зацвярджацца планы ўзаемадзеяння са СМІ па пытаннях асвятлення дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.

Ва ўстановах адукацыі прызначана ўвесці факультатыўныя заняткі па вывучэнні пытанняў фінансавай кампетэнтнасці.
Прадугледжаны мерапрыемствы па павышэнні фінансавай кампетэнтнасці для найменш сацыяльна абароненых груп насельніцтва. Таксама будзе весціся праца па павышэнні фінансавай кампетэнтнасці ў сферы рынку каштоўных папер, у падатковай і сферы страхавання.

Аналізам выканання мерапрыемстваў будзе займацца міжведамасны каардынацыйны савет па павышэнні фінансавай кампетэнтнасці насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?