29 снежня ў Лідзе прэзентавалі ўзор пасажырскага аўтобуса новай мадэлі — «Нёман 520123-250», выпушчаны напрыканцы 2012 года ў ААТ «Лідскія аўтобусы "Нёман"», паведамляе «Лідская газета». Пакуль што аўтобус існуе ў адзінкавым экземпляры, серыйная вытворчасць новай мадэлі пачнецца ў гэтым годзе.

Пра новую машыну расказаў начальнік аддзела маркетынгу і збыту прадпрыемства Ілля Ліхарад.

«Нёман 520123-250» — аўтобус вялікага класа, ён прызначаны для гарадскіх і прыгарадных перавозак. У ім 44 сядзячых месцы, а агульная пасажыразмяшчальнасць — 70 чалавек. Дызайн новага аўтобуса з'яўляецца сумеснай распрацоўкай канструктарскай службы лідскага ААТ і спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вырабляецца ён з выкарыстаннем агрэгатаў вядомых еўрапейскіх кампаній «Deutz», «Rabа», «ZF», а таксама з камплектуючых айчынных вытворцаў, у тым ліку — лідскіх.

Дадзеная мадэль аўтобуса адрозніваецца палепшанай камфортнасцю. Дзверы ў ім — прытуленага тыпу (яны характарызуюцца падвышанай герметычнасцю), сядзенні — мяккія, з рэгуляванай спінкай. Размешчаны сядзенні на подыумах. Акрамя гэтага, пасажырскія сядзячыя месцы абсталяваныя падсветкай, багажнымі паліцамі. Па жаданні заказчыка аўтобус можа абсталёўвацца кандыцыянерамі і аўдыёвідэасістэмай. Таксама, па жаданні заказчыка, «Нёман 520123-250» можа выпускацца ў трох відах камплектацыі: як гарадскі аўтобус, прыгарадны і прыгарадны палепшанай камфортнасці.

Да новай мадэлі ўжо праявілі цікавасць ўкраінскія партнёры лідскага прадпрыемства. Зараз прапрацоўваюцца таксама пастаўкі на беларускі рынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?