Спыняецца дзейнасць дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля»
. Пра гэта паведаміў старшыня фонду Генадзь Грушавы 21 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, фонд «Дзецям Чарнобыля» «выканаў сваю сацыяльную місію».
«Роўна 23 гады таму, 21 снежня, першая група чарнобыльскіх дзяцей вылецела на аздараўленне за мяжу. Потым было пяць тысяч дзяцей, потым сто тысяч, потым трыста тысяч… Цяпер дзеці Чарнобыля выраслі, у іх ёсць уласныя дзеці, і зараз мы ім мала чым можам дапамагчы. Зараз іх лёс ва ўласных руках. Фонд выканаў сваю сацыяльную місію, і нельга таптацца на пляцоўцы, якая губляе свой сэнс», — заявіў Грушавы.

За гэты час, адзначыў ён, паміж сем’ямі беларусаў і сем’ямі грамадзян іншых дзяржаў, якія прымалі на аздараўленне дзяцей, усталявалася шмат персанальных кантактаў. «Тысяч пятнаццаць толькі я ведаю, і гэтыя людзі даўно маюць сяброўскія адносіны. Мы выканалі сваю місію. І мы не турыстычнае бюро, каб працягваць нейкія асобныя групы вывозіць за мяжу», — сказаў Грушавы.

Ён падкрэсліў, што за 23 гады існавання фонду ўдалося вырашыць «адну дзяржаўнай важнасці задачу».
«Мы павінны былі падняць гэта правінцыяльнае грамадства на дзейнасць, звязаную з самадапамогай, на дзейнасць, звязаную з тым, каб ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі. І мы гэту задачу выканалі», — заявіў Грушавы.

Цяпер, адзначыў ён, прыйшоў час іншых дзеянняў і іншых праектаў. Таму, паведаміў Грушавы, ён увайшоў у савет новай арганізацыі Platform Innovation, якая будзе займацца праблемай дапамогі зняволеным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?