У Беларусі няма аб’ектыўнай неабходнасці для дэвальвацыі нацыянальнай валюты, аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі БДУІРа.

«У нас няма ніякай аб’ектыўнай неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту», — сказаў ён. «Гэта ідзе нагнятанне абстаноўкі, і вы ведаеце, хто гэта робіць».

Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі штучна курс не стрымліваецца. «Як я абяцаў, на працягу гэтага года ў нас рынкавы курс. Ёсць вялікі попыт — даражэй валюта, няма попыту — Нацбанк скупляе валюту», — сказаў ён.

Лукашэнка расказаў, што ўчора старшыня Нацбанка Надзея Ермакова дакладвала яму пра сітуацыю на валютным рынку краіны.
У прыватнасці, вельмі добрая сітуацыя складваецца на біржы, суб’екты гаспадарання прадаюць больш валюты, чым купляюць.
З насельніцтвам пакуль сітуацыя крыху іншая. «Насельніцтва і прадае, і купляе. Але крыху больш купляе», — сказаў ён.
На яго думку, сітуацыя пасля Новага года некалькі зменіцца, і насельніцтва зноў панясе здаваць валюту.
«У нас чутак шмат, і яны самі сабе супярэчаць: то канец свету, то даляры скупляюць — навошта на тым свеце даляры?» — сказаў Лукашэнка.

«З 1 студзеня ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты мы не плануем», — падкрэсліў Лукашэнка.

«І нават калі б давялося выдаткаваць $ 1 млрд. на падтрыманне курсу, мы б патрацілі, — сказаў ён.
— Мы назапасілі дастаткова валюты для таго, каб падтрымаць курс». Лукашэнка адзначыў, што золатавалютныя рэзервы Беларусі сёння складаюць больш за $8 млрд.: «Ніколі ў гісторыі такога не было. Мы золата наогул не прадавалі».

«Таму не трэба скупляць сёння валюту, бо прыйдзецца пасля Новага года прадаваць.

Але хочуць людзі купіць — купляйце. Валюты сёння хапае», — сказаў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?