Прэзідэнты і міністры без грыму. Мядзведзеў — «бледны і няўпэўнены». Пабачаць святло таксама 1014 дэпешаў з пасольства ў Мінску.

Сайт Wikileaks выкладае ў сеціва чвэрць мільёна сакрэтных дэпешаў з амерыканскіх амбасадаў за мяжой. З іх вынікае, што сусветныя лідары не вераць у самастойнасць прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, лічачы яго «Робінам пры Бэтмэне», у ролі якога выступае Уладзімір Пуцін. Гэтыя дэпешы будуць з зацікаўленасцю чытаць як звычайныя грамадзяне, так і кіраўнікі краін. Не ўсе яны мелі магчымасць пабачыць сябе ў люстэрку ацэнак амерыканскай дыпламатыі.

У ноч на панядзелак сайт Wikileaks, які спецыялізуецца на апублікаванні ўцечак сакрэтнай і канфідэнцыйнай інфармацыі, стрымаў даўняе абяцанне пачаць публікацыю дакументаў амерыканскага Дзярждэпартамента.

База дадзеных выкладзеных у сетцы мінулай ноччу дакументаў уключае ў сябе 251 288 дэпешаў, з якіх больш як 15,5 тысяч — пад грыфам «сакрэтна», дасланыя ў дзярждэп з 274 амбасадаў і дыппрадстаўніцтваў ЗША па ўсім свеце. Самы стары дакумент датаваны 28 снежня 1966, найноўшы — 28 лютага 2010-га.

І, хоць невядомыя хакеры паралізавалі працу сайта, самыя цікавыя дакументы, паводле папярэдняй дамоўленасці, сёння пабачылі свет на старонках нямецкага «Шпігеля», французскай «Монд», брытанскай «Гардыян» і гішпанскай «Паіс».

Далучылася да публікацыі і амерыканская газета «Нью-Ёрк Таймс».

Дакументы ўскрываюць тонкую дыпламатычную кухню.
Аказваецца, Саудаўская Аравія настойвае на авіяўдары па Іране. Яшчэ ў красавіку 2008-га кароль Абдала патрабаваў «адсекчы галаву змяі» — спыніць развіццё ядзернай праграмы Ісламскай Рэспублікі. Эр-Рыяд быў поўны рашучасці працаваць з ЗША, каб паменшыць іранскі ўплыў у Іраку. Ізраіль жа першапачаткова падштурхоўваў Вашынгтон да жорсткай лініі ў дачыненні да Тэгерана, заўважаючы, што дыялог з Іранам — «гэта добрая ідэя, але яна не спрацуе».

Усе гэтыя факцікі быццам бы і прадказальныя, але ўскрываюць тое, пра што можна было толькі здагадвацца.

Амерыканскія дыпламаты даюць асобам і здарэнням трапныя характарыстыкі, з выбарам словаў не цырымоняцца.

Прэзідэнта Афганістана Хаміда Карзая лічаць «слабым лідарам» і «параноікам», французскага прэзідэнта Нікаля Сарказі — «голым каралём» з дыктатарскімі замашкамі. На адрас нямецкага канцлера Ангелы Меркель прагучала заўвага, што яна «баіцца рызыкі і не крэатыўная».

Жан-Давід Левіт, замежнапалітычны дарадца прэзідэнта Францыі, аказваецца, называў у 2009 годзе Іран «фашысцкай дзяржавай», а венесуэльскага прэзідэнта Уга Чавеса — «пальнутым». «На жаль, Чавес прыбраў да рук самую багатую дзяржаву Лацінскай Амерыкі і ператварыў яе ў другую Зімбабвэ», — цытаваў француза амбасадар ЗША ў Францыі Чарлз Рыўкін.

Італьянскі прэм’ер Сільвіа Берлусконі ад паверанага ў справах у Рыме Элізабэт Дыбл заслужыў званне «няўдачлівага пыхліўца, неэфектыўнага ў якасці сучаснага еўрапейскага лідара», да таго ж ён робіцца «ўсё ў большай ступені рупарам Пуціна» ў Еўропе.

Адразу прыгадваецца кампліментарны візіт Берлусконі ў Мінск у 2009-м.

Хілары Клінтан запатрабавала ад амерыканскіх дыпламатаў збору інфармацыі пра сувязі Берлусконі з Пуціным і іх асабістыя бізнэс-повязі.

Сам Уладзімір Пуцін названы ў дакументах амерыканскага дзярждэпартамента «альфа-самцом». На яго фоне прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў выглядае «бледным і няўпэўненым» і наогул гуляе ролю «Робіна пры Бэтмэне».
Кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы французскага МЗС Ралян Галяраг у гутарцы з намеснікам дзяржсакратара ЗША Філіпам Горданам раскрытыкаваў механізм расійскай улады. Ахарактарызаваўшы Расію як «краіну з зачэпкамі дэмакратыі, але без якіх-небудзь механізмаў уплыву грамадства на працэс прыняцця рашэнняў урадам», дыпламат заўважыў: «Карані праблемы ляжаць у рэжыме».

Яго калега, прэзідэнцкі дарадца па замежнай палітыцы Дам’ен Лярас заўважыў, што

«ў расійскіх лідараў адсутнічае дастатковае доўгатэрміновае бачанне іх краіны, замест гэтага яны сфакусаваныя на паўгадавым часавым гарызонце і сваіх бізнэс-інтарэсах».

Адны з цікавых для нашага рэгіёна дэпешаў — пасланне амбасады ЗША ў Азербайджане, якое расказвае аб сустрэчы намесніка дзяржсакратара Уільяма Бёрнза з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым у лютым гэтага года. Там утрымліваюцца ацэнкі Аліевым ролі прэзідэнта Мядзведзева.

Аліеў лічыць расійскага прэзідэнта «сучасным інтэлектуалам новага пакалення», але аточаным людзьмі, якіх ён не кантралюе. З ягоных словаў, ён асабіста быў сведкам таго, што рашэнні, прынятыя Мядзведзевым, патрабавалі далейшага зацвярджэння пуцінцамі, перш чым увайсці ў сілу.

Гэта датычыла пытання аб дэмаркацыі расійска-азербайджанскай мяжы, якую яны з Мядзведзевым узгаднілі, але ўсё «было пастаўлена ў тупік «іншымі», імаверна, з офіса прэм’ер-міністра». «Многія высокапастаўленыя чыноўнікі не прызнаюць (у Мядзведзеву) лідара», — цытуюцца словы Аліева, які бачыць «прыкметы сур’ёзных рознагалоссяў паміж камандамі двух палітыкаў, якіх няма на асабістым узроўні паміж Пуціным і Мядведзевым». «Як мы кажам у Азербайджане, «дзве галавы нельга варыць у адным катле», — сказаў прэзідэнт.

Шыкоўная дэпеша апісвае маляўнічае вяселле сына дэпутата Дзярждумы Гаджы Махачава Далгата з яго аднакласніцай Аідай Шарыпавай. Гэта сапраўдная навэла. З паведамлення дыпламата можна даведацца, што ў заканадаўца ёсць дамы ў Махачкале, Маскве, Парыжы і Сан-Дыега, сам ён ездзіць на Rolls Royce, а яго летняя рэзідэнцыя ў Каспійску ўяўляе сабой «40-метровую вежу на калонах», верхнія ярусы якой «дасяжныя толькі на ліфце», а нутро хавае «грот, пад падлогай якога вялізны басейн».

Госцем Махачава быў чачэнскі прэзідэнт Рамзан Кадыраў, які прыехаў пад канец вечара. Рэспубліканскі кіраўнік «быў адзеты ў джынсы і майку, выглядаў ніжэйшым, не такім накачаным, як на фотаздымках, і быў крыху акасеўшы».

«Пасля феерверкаў музыкі зайгралі ў двары лезгінку, якую выканалі ў гімнастычнай версіі дзве дзяўчынкі і тры хлопчыкі не старэйшыя за шэсць гадоў. Спачатку да іх далучыўся Гаджы, а затым і Рамзан, які нязграбна танцаваў з залатым пісталетам за поясам. Як адзначыў пазней адзін з гасцей, золата на зброі пазбаўляла яе практычнага прызначэння, але Рамзан усё роўна наўрад ці мог яе скарыстаць. І Гаджы, і Рамзан абсыпалі дзяцей 100-даляравымі купюрамі, так што пад нагамі танцораў апынулася не менш за $5 тыс. Гаджы пазней раскзаў, што Рамзан падарыў шчаслівай пары «пяцікілаграмовы злітак золата».

Белы дом афіцыйна ў нядзелю абвясціў, што «ў самых жорсткіх выразах асуджае недазволенае разгалошанне засакрэчаных дакументаў і інфармацыі, якая мае значэнне для нацыянальнай бяспекі».

Асандж, які хаваецца ў Швейцарыі ад міжнароднага ордэра на арышт (у Швецыі ён абвінавачаны ў згвалтаванні), атрымаў ад юрыдычнага дарадцы дзярждэпа Гаралда Коха ліст, у якім гаворыцца аб непажаданасці размяшчэння даступнай яму інфармацыі, бо яна «ставіць пад удар жыццё незлічоных асобаў, якія не маюць дачынення да справы», у тым ліку журналістаў, праваабаронцаў і блогераў.

Асандж прыняў пажаданне да ведама, паабяцаўшы элімінаваць у шэрагу выпадкаў асабістыя дадзеныя фігурантаў дэпешаў, і адразу ж апублікаваў ліст Коха на сваім сайце.

Першай гучнай публікацыяй Wikileaks былі матэрыялы з Ірака і Афганістана.

Перадаў іх сайту ваенны аналітык Пентагона, шараговец 1-га класа Брэдлі Мэнінг.
У ліпені ён быў арыштаваны па падазрэнні ў аўтарстве іншых уцечак — у тым ліку, відэароліка, на якім амерыканскія баявыя верталёты расстрэльваюць у Іраку здымачную групу Reuters. Мэнінг падставіўся сам: у размове з хакерам Эдрыянам Лейма ён заявіў, што хоча расказаць пра «паўкрымінальныя палітычныя змовы», якія раскрываюць, як «першы свет эксплуатуе трэці». Абнародаванне «дасье дзярждэпа», на думку шарагоўца, мусіла прывесці да «дыскусіі ў планетарным маштабе, дэбатаў і рэформаў». Лейма здаў суразмоўцу «з патрыятычных меркаванняў».

Сярод дакументаў абяцаюцца і 1014 дэпешаў з Мінска. Аднак у фокус увагі сусветных газет яны не трапілі. Таму пакуль яны недаступныя. Іх публікацыя можа адбыцца ў бліжэйшым часе.

«Наша Ніва» будзе сачыць за развіццём падзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?